У Слуцкім раёне ў якасці эксперыменту забаранілі прадаваць "чарнілы"

15.04.2011 14:58
Архив Редакция

Улады Мінскай вобласці вырашылі правесці эксперымент у Слуцкім раёне, забараніўшы прадаваць ў раздроб пладова-ягадныя віны. Пра гэта 14 красавіка заявіў намеснік кіраўніка Мінаблвыканкама Віктар Шчацько на пасяджэнні адміністрацыі рэгіёну. Акрамя таго, вырашана таксама аказваць уздзеянне на леснікоў, у зоне адказнасці якіх знойдзены самагонныя апараты.

На пасяджэнні чыноўнікі абмяркоўвалі рэалізацыю дырэктывы № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» ў 2010 годзе і задачы на 2011 год.

У гандлёвых кропках, дзе прадаюць спіртное непаўналетнім, Мінаблвыканкам прапануе забараніць продаж алкаголю наогул. У ліку іншых спосабаў барацьбы з п’янствам у Савет міністраў паступіла прапанова аб забароне на продаж алкагольнай прадукцыі асобам маладзей 21 года, уключаючы піва і іншыя слабаалкагольныя напоі, перадае БелТА.

Віктар Шчацько праінфармаваў, што праблема п’янства і алкагалізацыі насельніцтва актуальная для ўсёй вобласці. Так, па дадзеных на 1 студзеня каля 47,2 тыс. чалавек стаялі на наркалагічным уліку, з якіх больш за 2,5 тыс. — непаўналетнія. Для параўнання, на 1 студзеня 2010 года на гэтым уліку стаяла 45,9 тыс. грамадзян. За 2010 годзе суд ізаляваў ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі больш 940 хранічна хворых на алкагалізм, якія парушалі грамадскі парадак і правы іншых асобаў. З іх 217 — жанчыны.

Как вам новость?