У "справе 19 снежня" з'явіўся чарговы падазраваны

18.04.2011 15:07
Архив Редакция

У справе аб масавых беспарадках у дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, 19 снежня мінулага года, з'явіўся яшчэ адзін новы падазраваны — Віталь Стажараў. Адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў малады чалавек з'ехаў з краіны.

Папярэдне яму некалькі разоў дасылалі позвы з’явіцца на допыт у якасці сведкі, а 7 лютага на кватэры ягонай бабулі быў праведзены ператрус, у выніку якога канфіскаваныя дыскі і літаратура, перадае праваабарончы цэнтр «Вясна».

30 сакавіка бабулі Віталя Стажарава была ўручана позва за подпісам старшага следчага ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці А. Дарашэвіча. Стажарава выклікалі па допыт у якасці падазраванага па крымінальнай «справе 19 снежня» 2010 года.

Віталь Стажараў некалькі гадоў запар актыўна назіраў за выбарчымі працэсамі ў Беларусі, некаторы час узначальваў Мінскую гарадскую арганізацыю «Маладыя дэмакраты».

У сваю чаргу, па інфармацыі МУС па стане на 5 красавіка, папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе аб масавых беспарадках завершана. Дзесяці фігурантам справы прад’яўленае абвінавачванне — па ч.1 арт.342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Мера стрымання для іх застаецца ранейшай (чацвёра — пад вартай, двое — пад хатнім арыштам, чацвёра — пад падпіскай аб нявыездзе).

Паводле інфармацыі юрыстаў па стане на 7 красавіка, па справе ў статусе абвінавачаных знаходзяцца 30 чалавек, з іх 22 утрымліваюцца пад вартай у чаканні суда, восем — пад падпіскай аб нявыездзе, з якіх двое знаходзяцца за межамі краіны. У статусе падазраваных — 12 чалавек, з іх двое знаходзяцца за межамі краіны, пераважная большасць — пад падпіскай аб нявыездзе. Пяць фігурантаў крымінальнай справы прысуджаныя да пазбаўлення волі, двое — да штрафаў і адзін — да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Как вам новость?