У "справе 19 снежня" з'явіўся яшчэ адзін абвінавачаны

17.03.2011 16:04
Архив Редакция

Членам праваабарончага цэнтра "Вясна" стала вядома імя яшчэ аднаго фігуранта "справы 19 снежня". Невядомы дагэтуль абвінавачаны па справе аб масавых беспарадках 29-гадовы праграміст з Мінску Андрэй Пратасеня ў цяперашні час знаходзіцца ў следчым ізалятары Камітэта дзяржбяспекі. Пра гэта паведаміў брат абвінавачанага Аляксандр.

Па словах маладога чалавека, 9 лютага на кватэры іх бацькоў быў праведзены ператрус, пасля чаго Андрэя затрымалі, пасля прад’явіўшы яму абвінавачанне па ч. 2 арт. 293 КК Беларусі «актыўны ўдзел у масавых беспарадках».

Аляксандр Пратасеня пацвердзіў, што ягоны брат сапраўды быў на плошчы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, аднак ніякіх гвалтоўных дзеянняў не здзяйсняў і ўвечары бесперашкодна вярнуўся дадому.

«Як адбылося затрыманне Андрэя 9 лютага, я не ведаю, у той дзень мы з братам не бачыліся. Магчыма, яго запрасілі на нейкую размову ці іншым чынам выбавілі з хаты, а потым ён быў затрыманы. Ведаю толькі, што гэта адбылося не дома», — распавёў Аляксандр Пратасеня.

Такім чынам, па інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», на 17 сакавіка 2011 года абвінавачанымі па «справе 19 снежня» праходзяць 36 чалавек, з іх 24 знаходзяцца пад вартай, двое — пад хатнім арыштам, дзевяць — пад падпіскай аб нявыездзе.

Акрамя таго, як ужо перадаваў Тэлеграф, падазраваных у справе стала таксама больш. 15 сакавіка на працоўным месцы затрымалі 28-гадовага мінчука Дзмітрыя Дароніна і на трое сутак змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання па вуліцы Акрэсціна. Такім чынам, колькасць падазраваных вырасла да 13 чалавек, з іх адзін утрымліваецца пад вартай, двое знаходзяцца за межамі краіны, астатнія — пад падпіскай аб нявыездзе.

Між тым, семярых фігурантаў «справы 19 снежня» ўжо асудзілі. Чацвярых прысудзілі да пазбаўлення волі на розныя тэрміны, дваім выпісалі штрафы, аднаго прысудзілі да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Как вам новость?
Головоломки