У "справе 19 снежня" з'явіўся новы падазраваны

22.03.2011 17:09
Архив Редакция

У справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня з'явіўся новы падазраваны — 23-гадовы студэнт пятага курса (ВНУ пакуль невядомая) Шарстоў Аляксей. Маладога чалавека затрымалі ўвечары 21 сакавіка і змясцілі пад варту ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Днём 22 сакавіка ў маладога чалавека прайшоў ператрус.

Па пакуль непацверджанай інфармацыі, разам з Аляксеем Шарстовым затрыманыя і двое яго сяброў, прозвішчы якіх пакуль не высветлены. Не выключана, што спіс фігурантаў крымінальнай справы папоўніцца ў найбліжэйшыя дні яшчэ некалькімі прозвішчамі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Па стане на 18 сакавіка ў статусе абвінавачаных знаходзіцца 38 чалавек, з іх 25 ўтрымліваюцца пад вартай у чаканні судоў, двое — пад хатнім арыштам, 10 — пад падпіскай аб нявыездзе. У статусе падазраваных — 11 чалавек, з іх двое знаходзяцца за межамі краіны, пераважная большасць — пад падпіскай аб нявыездзе. Чатыры фігуранты крымінальнай справы асуджаныя да пазбаўлення волі, двое — да штрафаў і адзін — да абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
 
Як ужо перадаваў Тэлеграф, 22 сакавіка ў Партызанскім судзе Мінску праходзіць працэс над актывістам Руху «За Свабоду» 20-гадовым Мікітам Ліхавідам. Маладому чалавеку прад’явілі абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня.

Как вам новость?