У студзені-лютым дэфіцыт дзяржбюджэту склаў 109,5 млн. даляраў

23.03.2011 09:09
Архив Редакция

Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту Беларусі ў студзені-лютым 2011 года склаў 330,7 млрд. рублёў (109,5 млн. даляраў). Паводле інфармацыі міністэрства фінансаў, за першыя два месяцы гэтага года даходы дзяржбюджэту склалі 4,4 трлн. рублёў (13% гадавога плана), расходы дзяржбюджэту — 4,7 трлн. рублёў (11,8% плану).

У структуры даходаў дзяржбюджэту вялікую долю склалі даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці — 1,1 трлн. рублёў (15,7% гадавога плану). Падатку на прыбытак у студзені-лютым гэтага года паступіла 294,8 млрд. рублёў (12,7% гадавога плану), падатку на дабаўленую вартасць — 1,6 трлн. рублёў (12,3%), акцызаў — 511,3 млрд. рублёў (9,5%).
 
Тым не менш, па стане на 1 сакавіка 2011 года падаткаплацельшчыкі вінныя дзяржаве 56 млрд. рублёў. Даўгі перад дзяржбюджэтам з пачатку года павялічыліся на 24 млрд. рублёў.

У структуры расходаў дзяржбюджэту за дадзены перыяд большую частку складалі выдаткі на агульнадзяржаўную дзейнасць — 2,2 трлн. рублёў (12,9%). Выдаткі нацыянальнай эканомікі за першыя два месяцы 2011 года склалі 540,6 млрд. рублёў (7,4%). На фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) з дзяржбюджэту было накіравана 1,1 трлн. рублёў (12,3%).

Між тым, як перадаваў Тэлеграф, яшчэ ў студзені 2011 года даходы дзяржбюджэту перавышалі выдаткі. Даходы складалі 2,3 трлн. рублёў (765 млн. даляраў), або 7% гадавога плана, а выдаткі — 2,1 трлн. рублёў (5,4%). Па дадзеных мінфіна, прафіцыт дзяржбюджэту ў студзені складаў 199 млрд. рублёў (66 млн. даляраў).

Как вам новость?