У Віцебску міліцыя будзе развозіць п'яных па дамах

01.07.2010 17:28
Архив Редакция

Віцебская міліцыя абяцае ў дні фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" дастаўляць падвыпіўшых грамадзян дадому. Пра гэта паведаміў першага ліпеня начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Найдзенка. Па словах супрацоўніка міліцыі, ён даў сваім падначаленым ўстаноўку на тое, што "не трэба хаміць і грубіць" людзям.

«Нармальна трэба размаўляць, як чалавек з чалавекам, і тады ўсё будзе добра, — сказаў Аляксандр Найдзенка. — Грамадзяніну ў стане алкагольнага ап’янення трэба даступна растлумачыць недапушчальнасць яго паводзінаў і прапанаваць дапамогу, нават дадому падвезці».

Па словах начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама, забарона на распіццё піва ў грамадскіх месцах, не кажучы аб алкаголі, будзе дзейнічаць і падчас фестывалю. «У 500-метровай зоне вакол месцаў масавых відовішчных мерапрыемстваў за дзве гадзіны да іх пачатку і падчас іх правядзення будзе абмежавана рэалізацыя алкагольных напояў на вынас. Разам з тым выпіць бакал піва або віна можна будзе ў вулічных кавярнях, у рэстарацыях», — адзначыў прадстаўнік міліцыі, перадае БелТА.

Акрамя таго, па словах Аляксандра Найдзенкі, распараджэннем гарвыканкама ўсе кропкі грамадскага харчавання ў дні фестывалю пяройдуць на кругласуткавы рэжым працы.

Как вам новость?