У Віцебску пачынаюць прадаваць квіткі на "Славянскі базар"

28.05.2010 16:03
Архив Редакция

Квіткі на XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" паступяць у продаж чацвёртага чэрвеня, паведаміў 28 траўня дырэктар Цэнтра культуры "Віцебск" — дырэктар дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў Радзівон Бас, па словах якога кошт квіткоў на канцэрты і іншыя мерапрыемствы фэсту застанецца на леташнім узроўні.

Напрыклад, на канцэрты ў Летнім амфітэатры квіткі будуць каштаваць ад 10 да 350 тыс. рублёў (самыя дарагія — на гала-канцэрт адкрыцця). Дадаткова ў горадзе адкрыюцца пяць білетных касаў. Тым, хто жыве за межамі Віцебску, набыць квіткі будзе нескладана — іх можна замовіць па тэлефоне. Заяўкі ўжо паступілі з Брэста, Магілёва, Гомелю і з расійскіх Рудні, Вялікіх Лукаў, Пскову. 
«Выкарыстанне інтэрнэту для продажу квіткоў пакуль немагчыма ў сувязі з тым, што ўсе прададзеныя квіткі ўлічваюцца падатковымі органамі, а падаткавікі пакуль не гатовыя да ўліку электронных продажаў», — растлумачыў Радзівон Бас.
Бас: На «Славянскім базары» будуць толькі тыя артысты, якія здольныя сабраць залі
На XIX Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» будуць толькі артысты, здольныя сабраць залі, заявіў сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў Радзівон Бас, перадае БелТА.
«Ёсць артысты добрыя, мы іх любім, шануем, але ім трэба адпачыць. Мы запрасілі артыстаў, здольных сабраць залі», — сказаў Радзівон Бас. Дзмітры Хварастоўскі, Райманд Паўлс, Юры Антонаў, Ларыса Доліна, Стас Міхайлаў, Аляксандр Сяроў, Валерыя, Дзіма Білан — вось далёка не поўны пералік яркіх талентаў, якія выступяць у гэты раз на сцэне Летняга амфітэатра. Прычым канцэрты на фэставай пляцоўцы пачнуцца за два дні да ўрачыстага старту, які азнамянуе гала-канцэрт. Па традыцыі на фэсце пройдуць Дні мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны, адбудуцца Дзень Саюзнай дзяржавы і Дзень Масквы. А вось Італія падорыць Віцебску «Італьянскую ноч» — пад такой назвай запланаваны канцэрт з удзелам папулярных Аль Бана, Джулиа, Тоні Эспазіта, Рыкарда Фольі.
У фестывальную кудасу ўнясуць інтрыгу дарослы і дзіцячы конкурсы выканаўцаў эстраднай песні. Беларусь на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск- 2010» будзе прадстаўляць Дзяніс Вершанка — уладальнік Гран-пры міжнароднага фэсту-конкурсу сцэнічнага мастацтва «На высокай хвалі-2009» (РФ), ад Расіі заяўлена гранд-прызёрка Ганна Малышава, прызнаная лепшай на Усерасійскім конкурсе-фестывалі эстраднага мастацтва ім. Б.Брунова. 
На дзіцячым песенным конкурсе за Беларусь выступяць Злата Ларанка і Аня Зайцава.
Арганізатары фэсту не забыліся і пра выкшталцоную публіку. Для музычных гурманаў выступяць Ніна Катамадзэ і гурт «Insight», джаз-кабарэ Сяргея Скрыпкі і кабарэ-бэнд «Серебряная свадьба». Знатакі вакальнага мастацтва, несумненна, будуць удзячныя за сольныя канцэрты Дзмітрыя Хварастоўскага і Сяргея Захарава. Не засталіся без падарунку і тэатралы. Для іх свае спектаклі прывязуць Маскоўскі тэатр на Паўднёвым захадзе, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны моладзевы тэатр на Фантанцы. Ну а Святлана Кручкова будзе чакаць сваіх прыхільнікаў на творчым вечары.
У кінапраграме «Славянскага базару» беларускія, расійскія і ўкраінскія фільмы. Вядомая акторка Вера Глаголева прывязе ў Віцебск сваю рэжысёрскую працу — фільм «Адна вайна». 
Па словах Радзівона Баса, сёлетні фэст абяцае быць дынамічным і высокатэхналагічным. Дынамічнасць вызначаць яго ўдзельнікі — таленавітыя і крэатыўныя, а тэхналагічнасці дадасць сцэнаграфія, выкананая са святлодыёдных сетак. На флагштоках будуць развівацца сцягі 30 дзяржаў. Прычым славянскія дзяржавы прадстаўлены амаль поўным складам, гэтым разам няма толькі Славеніі.

Как вам новость?