У выбаркамы ўжо акрэдытавалі тры тысячы назіральнікаў

16.11.2010 13:34
Архив

На 15 лістапада ў выбарчых камісіях па выбарах прэзідэнта было акрэдытавана амаль 3,2 тыс. назіральнікаў. Як паведамілі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, у тэрытарыяльных камісіях акрэдытавалі 454 назіральнікі, ва ўчастковых - больш за 2,7 тыс. назіральнікаў, а пры самім Цэнтрвыбаркаме - чатырох назіральнікаў.

Больш за ўсё назіральнікаў вылучылі грамадскія аб’яднанні — 2,5 тыс. чалавек. З іх Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў вылучыла 573 чалавекі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 527, РГА «Белая Русь» — 458, перадае БелаПАН.

Працоўныя калектывы вылучылі 384 назіральнікі, грамадзяне шляхам падачы заяў — 179 назіральнікаў.

Палітычныя партыі пакуль вылучылі 125 назіральнікаў. З іх 102 чалавекі вылучана ад Камуністычнай партыі Беларусі, па пяць назіральнікаў — ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, чатыры — ад Партыі БНФ, па тры — ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» і Беларускай аграрнай партыі, і па адным яшчэ ад трох партый.