У Вярхоўным судзе адбыліся папярэднія слуханні па скарзе Руху "Маладая Беларусь"

03.03.2010 18:11
Архив Редакция

Трэцяга сакавіка 2010 года ў Вярхоўным судзе Беларусі адбыліся папярэднія слуханні па скарзе Руху “Маладая Беларусь" на дзеянні Міністэрства Юстыцыі, якое адмовіла Руху ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання. Кіраўнік Аргкамітэту па рэгістрацыі “Маладой Беларусі” Зміцер Каспяровіч быў выкліканы ў Вярхоўны суд на папярэднія слуханні. Разглядаць справу “Маладой Беларусі” даручана суддзі Вярхоўнага суда Ігару Мільто, які ўжо вядомы грамадскасці разглядамі скаргаў іншых грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку “Вясны”.

Cуддзя Мільто апытаў Каспяровіча па сутнасці скаргі, асабліва падрабязна па адным с пунктаў адмовы – наяўнасці юрыдычнага адрасу. Мінюст сцвярджае, што ў РГА “Прыватная уласнасць” насамрэч была дамова з уладальнікам памяшкання, якое было гарантавана “Маладой Беларусі” у якасці юрыдычнага адрасу на ўмовах субарэнды, але зараз дамова ўжо скасаваная, заявіў Ігар Мільто. Дамова на выкарыстанне памяшкання ў РГА “Прыватная уласнасць” дзейнічае з 2001 году, і да сеняшняга дня ніхто яе не скасоўваў, патлумачыў Каспяровіч.

Таксама суддзю цікавіўлі наяўнасць ў частцы рэгістрацыйных дакументаў слова “рэспубліканская” і адсутнасць гэтага слова ў другой частцы. Каспяровіч патлумачыў, што наяўнасць слова “рэспубліканскае” з’яўляецца ўдакладняючым, і дадатак да назвы арганізацыі гэтага слова не дае падставаў лічыць пададзеныя спісы ініцыятараў датычнымі іншай юрыдычнай асобы.

На гэтым папярэдні разгляд быў скончаны. Асноўны разгляд справы адбудзецца напрыканцы сакавіка, аб чым сябры аргкамітэту будуць праінфармаваныя, паведаміў суддзя Мільто. 

“Мы адразу казалі, што прычыны адмовы ў рэгістрацыі надуманыя. Гэта было зразумела і ўдзельнікам сёняшняга паседжання. Але ж мы ведаем сумную практыку разгляду такіх скаргаў.
Я не здзіўлюся, калі на судовым паседжанні насамрэч выявіцца, што дамова з РГА “Прыватная уласнасць” даўно скасаваная. Такія метады ўсім нам вядомы. На судовым паседжанні мы і пабачым, імкнуцца беларускія ўлады да “лібералізацыі”, ці не” – патлумачыў вынікі папярэдняшга разгляду лідэр “Маладой Беларусі” Зміцер Каспяровіч.

Нагадаем, што 12 лютага 2010 года кіраўнікі аргкамітэту па рэгістрацыі “Маладой Беларусі” падалі скаргу ў Вярхоўны Суд Беларусі на дзеянні Міністэрства Юстыцыі.

Как вам новость?