У храмах Беларусі прайшлі службы па загінулых пад Смаленскам

12.04.2010 12:16
Архив Редакция

У нядзелю, 11 красавіка, ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі прайшлі службы па загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам прадстаўніках польскай палітычнай эліты. У сталічным архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі імшу пра спачынак душ загінулых правёў арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

Па словах кіраўніка Каталіцкага Касцёлу Беларусі, у 1940 годзе ў Катыні загінулі некалькі тысяч польскіх афіцэраў, а таксама рускія, беларусы і ўкраінцы, і ў суботу «там ізноў паўтарылася гэта трагедыя, ізноў загінулі прадстаўнікі польскай эліты», перадае БелаПАН.

«Лех Качынскі цвёрда стаяў на прынцыпах сваёй каталіцкай веры. Ён быў за праўду, і прысвяціў барацьбе за гэту праўду ўсё сваё жыццё. Нялёгка быць прэзідэнтам у адной з краін Еўрасаюза, дзе пануюць секулярызм і маральны рэлятывізм, але ён адстойваў прынцыпы хрысціянскай веры і не адыходзіў», — адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч.

Службу па загінулых у Мінску наведалі амбасадар Польшчы ў Беларусі Генрык Літвін, супрацоўнікі польскай амбасады, прадстаўнікі акрэдытаванага ў Мінску дыпламатычнага корпуса. На імшы таксама прысутнічалі  намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валерый Варанецкі і начальнік галоўнага кіравання Еўропы беларускага МЗС Аляксей Скрыпка. Акрамя таго, у службе прынялі ўдзел амбасадары шэрагу дзяржаў.

Как вам новость?
Головоломки