У ізалятары на Акрэсціна адмаўляюцца прымаць перадачы

22.12.2010 15:33
Архив Редакция

Блізкія тых, хто знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску паведамляюць, што там не хочуць прымаць перадачы для затрыманых 19 і 20 снежня. У прыватнасці, з такой праблемай сутыкнулася жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзімера Някляева, а таксама маці моладзевага актывіста Андрэя Кіма.

Як распавяла «Еўрапейскаму радыё ў Беларусі» Вольга Някляева, у прыёмным пакоі следчага ізалятара КДБ адмовіліся прыняць перадачу адразу ж.

«З перадачай у нас тут паўсталі праблемы. Адразу адмовілі, сказалі, што «не паложана». Я датэлефанавалася да следчага — ён сказаў, што трэба яшчэ раз падысці ў прыёмны пакой і рэчы першай неабходнасці яны павінны ўзяць. І што я павінна настойваць. Яны адфутбольваюць мяне ад аднаго да іншага. Цяпер я пайду разбірацца», — патлумачыла жанчына.

Жонка Уладзіміра Някляева таксама ўдакладніла, што ні яна, ні адвакат палітыка Тамара Сідарэнка так і не змаглі ўбачыць экс-кандыдата з тых часоў, як яго, збітага да непрытомнасці 19 снежня, на наступную ноч выкралі з лякарні. Аднак, кажа Вольга Някляева, у дадзены момант адвакат яе мужа знаходзіцца на прыёме ў следчага, які вядзе справу затрыманага.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, сваякі іншых арыштаваных падчас акцый пратэсту пасля выбараў, якія знаходзяцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсціна ў сталіцы, таксама сутыкаюцца з нежаданнем супрацоўнікаў ізалятара прымаць перадачы.

Па словах відавочцы, 21 снежня іх прымалі вельмі павольна, і многія людзі проста не змаглі дачакацца сваёй чаргі, прастаяўшы ў ёй некалькі гадзін. Сярод іх апынулася маці затрыманага Андрэя Кіма.

«Там два акенцы, якія прымаюць перадачы. Каля кожнага стаяць чалавек 20-30, усе яны вымушаныя чакаць сваёй чаргі, стоячы на вуліцы. Бяруць перадачы вельмі павольна і неахвотна», — паведаміла мінчанка, якая планавала прыняць удзел у акцыі салідарнасці ля спецпрыёмніка.

Яна прыйшла да размеркавальніка каля 16:00 і прабыла там больш за дзве гадзіны.

«Таццяна Кім так і не змагла аддаць перадачу свайму сыну Андрэю. Я не ведаю дакладна, калі яна прыйшла, але ўвесь час, калі я там знаходзілася, Таццяна стаяла каля акенца. Потым яна пайшла, паколькі дома яе чакае хворы муж», — дадала жанчына.

Паводле іншых крыніц, у падобнай сітуацыі апынуўся экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў: ён не змог перадаць цёплыя рэчы для свайго сына Андрэя.

Как вам новость?