У Заслаўі пацыент скраў машыну "хуткай дапамогі"

12.07.2010 11:06
Архив Редакция

У Заслаўі мужчына скраў "хуткую" пасля таго, як медыкі аказалі яму дапамогу. На скрадзенай машыне пацыент накіраваўся ў шпіталь, аднак дзяжурны нарад затрымаў яго праз некалькі хвілінаў пасля інцыдэнту.

Выпадковыя мінакі заўважылі скрываўленага чалавека на прыпынку грамадскага транспарту. Пра гэта неадкладна паведамілі па тэлефоне 103. Прыехаўшы на выклік, медыкі знайшлі ладна захмялелага грамадзяніна з сінякамі і выцятымі месцамі. Апрацаваўшы раны, лекар наклаў пацыенту павязку, і папрасіў пачакаць, пакуль ён і кіроўца адыдуць ненадоўга да шапіка, паведамляе «Савецкая Беларусь».

Аднак мужчына чакаць вяртання медперсаналу не стаў і сам сеў за руль машыны, каб хутчэй дабрацца да лякарні. Па яго словах, прычынай крадзяжу сталася тое, што «дактары павольна аказвалі дапамогу, не спяшаліся даставіць яго ў шпіталь».

Зламысніка неўзабаве затрымаў дзяжурны нарад. «Паведамленне аб згоне паступіла ў 18:37, — удакладняе дэталі крымінальнага здарэння начальнік Заслаўскага аддзела дэпартаменту аховы Андрэй Собалеў. — А ўжо ў 18:45 па рацыі адазваўся наш супрацоўнік, які ахоўваў адно з прадпрыемстваў горада. Ён убачыў, як перад прахадной спыніўся аўтамабіль хуткай дапамогі, з якога выйшаў чалавек з перабінтаванай галавой». За выкраданне «хуткай» мужчыну чакае крымінальная адказнасць.

Как вам новость?
Головоломки