У Заслаўі праз раставанне снегу падтапіла электрападстанцыю

22.03.2010 16:46
Архив Редакция

У Заслаўі праз інтэнсіўнае раставанне снегу падтапіла электрападстанцыю, у выніку чаго без электрычнасці засталося РУП "Племптушказавод "Беларускі" пад Мінскам. Як паведаміў прэс-сакратар міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі, выратавальнікі здолелі аператыўна выправіць сітуацыю і ўсцерагчы ад згубы 128 тыс. курэй і будынак інкубатара на 200 тыс. яек.

«Для забеспячэння інкубатара электраэнергіяй на месца здарэння выехалі дзве перасоўныя дызельныя электрастанцыі МНС», — цытуе прэс-сакратара МНС прэс-служба ведамства.

Па словах Віталя Навіцкага, апроч падтаплення электрападстанцыі ў Заслаўі, у выніку раставання снегу ў краіне таксама пацярпела больш за 150 жылых хат. «Гэта лакальныя падтапленні, якія здараюцца … У адным месцы дзве хаты, у другім — чатыры … Гэта праз тое, што снег растае і вадзе няма куды сыходзіць», — распавёў прадстаўнік міністэрства.

Разам з тым, як адзначыў Віталь Навіцкі, былі зафіксаваны і два выпадкі падтаплення ад паводкі. «У Стаўбцоўскім раёне падняўся ўзровень ракі Жацераўка, што стала прычынай падтаплення двух прыватных падворкаў і трох надворных пабудоў у вёсцы Новы Свержань. А праз паводку на рацэ Ашмянка ў саміх Ашмянах былі падтоплены тры прыватныя падворкі, размешчаныя ўздоўж берага ракі», — паведаміў прэс-сакратар МНС.

Віталь Навіцкі таксама дадаў, што ў сувязі з пагрозай затаплення хат 15 чалавек, якія пражываюць у іх, былі эвакуяваны да сваякоў.

Как вам новость?
Головоломки