Удзельнік Плошчы Малчанаў цалкам прызнаў сваю віну (абнаўляецца)

01.03.2011 12:46
Архив Редакция

У судзе Фрунзенскага раёна горада Мінску 1 сакавіка праходзіць суд над  удзельнікамі акцыі апазіцыі на Плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня Аляксандрам Атрошчанкавым, Дзмітрыем Новікам і Аляксандрам Малчанавым, якіх вінавацяць у масавых беспарадках. Аляксандр Малчанаў заявіў, што цалкам прызнае сваю віну, Дзмітры Новік - часткова.

Працэс вядзе суддзя Тацяна Чаркас, бок абвінавачання прадстаўляе Маладцова. Абвінавачаных будуць абараняць адвакаты Быліна, Станковіч, Мушынскі. На суд прыйшлі таксама лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, прадстаўнікі дыпмісій ЗША, Латвіі, Чэхіі і іншых краін, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Прэс-сакратар экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў абвінавачваецца ў тым, што, знаходзячыся ў натоўпе, прыняў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, і ў тым, што ў 22:15 разам па змове з Аляксандрам Малчанавым і Дзмітрыем Новікам спрабаваў з ужываннем фізічны сілы патрапіць у Дом ураду, нанёсшы пры гэтым мінімум адзін удар. Дзмітры Новік абвінавачваецца ў нанясенні не менш як 21 удару, Аляксандр Малчанаў — таксама ў абразе дзяржаўных сімвалаў — двух сцягоў, якія ён сарваў з будынку КДБ. Пракурор заяўляе, што Аляксандр Малчанаў падчас акцыі быў п’яны.

Атрошчанкаў: беспарадкаў не было

Між тым, як заявілі самі абвінавачаныя, паміж сабой яны не былі знаёмыя. Аляксандр Атрошчанкаў адзначыў, што толькі аднойчы бачыўся з Дзмітрыем Новікам падчас прэзідэнцкай кампаніі. Ён паведаміў, што прыйшоў на мітынг у якасці журналіста з мэтай яго асвятлення. «Я ведаў, што там будуць кандыдаты ў прэзідэнты. Я ведаў, што кандыдаты ў прэзідэнты плануюць мірную акцыю «, — адзначыў Аляксандр Атрошчанкаў.

Журналіст адзначыў, што, працуючы прэс-сакратаром Андрэя Саннікава, нікога не заклікаў да ўдзелу ў акцыі апазіцыі. Ён паведаміў, што не бачыў спробаў ўзламаць забарыкадаваныя дзверы і не заўважыў ніякіх прадметаў у руках у людзей. Ён распавёў, што спрабаваў стрымліваць журналістаў, якія хацелі прайсці да кандыдатаў, і на ганку Дома ўрада апынуўся толькі перад самым з’яўленнем спецназа.

«Я не прымаў удзелу ў масавых беспарадках. Для мяне нават сумніўна, што там былі беспарадкі. Не было ніякіх падпалаў, не было супраціву міліцыі. Было толькі разбіта некалькі вокнаў», — сказаў Аляксандр Атрошчанкаў.

Малчанаў не чуў патрабаванняў міліцыі

У сваю чаргу Аляксандр Малчанаў заявіў, што прыехаў у Мінск на акцыю пратэсту, паколькі не згодны з палітыкай дзейнага прэзідэнта. Паводле яго слоў, сцягі з будынку КДБ ён сарваў ў стане эйфарыі. «Калі праходзілі міма КДБ, нехта сказаў, што калі б я быў вышэй, то сарваў бы гэтыя сцягі, а мне рост дазваляў, і я падбег, сарваў. У мяне была эйфарыя, ніякай агрэсіі, пачуў прапанову, а пра яе сутнасць не задумваўся. Вялікі шумны натоўп, усе радасныя, і гэты настрой перадаўся мне. Кінуў два дзяржаўныя сцягі на зямлю, бо не збіраўся іх несці далей», — заявіў абвінавачаны.

Ён таксама паведаміў, што залез на трактар, дзе махаў бел-чырвона-белым сцягам. Прыйшоўшы на плошчу Незалежнасці, ён некалькі разоў ударыў дзверы Дома ўрада. Аляксандр Малчанаў заявіў, што не чуў патрабаванняў міліцыі да пачатку разгону акцыі. Затое ён паведаміў, што бачыў кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, які спрабаваў спыніць натоўп.

Сведкі: Малчанаў быў членам «Зубра»

Працэс аднавіўся ў 14:05 з допыту сведак. Першым дапыталі сябра Аляксандра Малчанава Сяргея Сазонава з Барысава. Той паведаміў, што раней абвінавачаны ўваходзіў у апазіцыйную арганізацыю «Зубр». Па словах сведкі, Аляксандр Малчанаў тэлефанаваў яму 19 снежня з мітынгу, але ніякай канкрэтыкі не казаў, а таксама паказваў на наступны дзень відэа з сабой на YouTube. «Ён потым шкадаваў, казаў, што па яго могуць прыйсці з КДБ», — заявіў Сяргей Сазонаў, адзначыўшы, што не ведае, ці быў ягоны сябар п’яным 19 снежня.

Наступны сведка, Сяргей Прытыка, быў таксама сябрам абвінавачанага. Ён паведаміў, што нічога не ведае аб палітычных поглядах Аляксандра Малчанава, а аб падзеях 19 снежня ў асноўным нічога не памятае.

Міліцыянты і супрацоўнікі КДБ апазналі падазраваных

Затым суд дапытаў супрацоўніка КДБ Віталя Палюховіча, які дзяжурыў 19 снежня ў будынку камітэту. Ён заявіў, што не бачыў, як здымалі дзяржаўны сцяг і што з ім потым рабілі, а таксама не змог сказаць, хто паставіў замест іх бел-чырвона-белы сцяг. «Я назіраў некаторыя моманты праз вокны. Боек не было, бутэлькі не кідалі. Штосьці крычалі, былі супрацоўнікі СМІ. Самога інцыдэнту з дзяржаўным сцягам не бачыў», — заявіў супрацоўнік КДБ.

Наступным сведкам быў калега папярэдняга — Валянцін Казыра, які назіраў за тым, што адбываецца з дапамогай камеры відэаназірання. Ён апазнаў Аляксандра Малчанава і заявіў, што сцяг з будынку КДБ быў пашкоджаны. Затым дапыталі супрацоўніка ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніса Антонава, які запісваў мітынг на відэа прыкладна з 20:00.

Паводле яго слоў, на плошчы Незалежнасці мітынгоўцы спачатку білі шкло, а затым спрабавалі ўвайсці ў Дом ўрада, выламалі дзверы і выцягнулі адзін стол на вуліцу. Дзяніс Антонаў адзначыў, што бачыў сярод тых, хто спрабаваў прарвацца ў будынак, Аляксандра Атрошчанкава і Змітра Новіка. Разам з тым падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы «асаблівай агрэсіі» не было.

Затым у судзе выступіў чарговы сведка — таксама супрацоўнік мінскага ГУУС Мікалай Шаўко. Ён апазнаў Аляксандра Атрошчанкава, але заявіў, што той не быў у першых шэрагах. Ён таксама паведаміў, што падчас шэсця ў яго вырвалі з рук і разбілі камеру. Акрамя таго, Мікалай Шаўко адзначыў, што слухаў як кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч заклікаў ісці на плошчу Незалежнасці.

У той жа час ён заявіў, што дэманстранты нічога не падпальвалі і ўзброенага супраціву не аказвалі. «У якасці зброі бачыў толькі вуды, на якіх апазіцыянеры носяць сцягі», — адзначыў Дзяніс Антонаў.

(Абнаўляецца)