Украіна прапанавала Беларусі замяшчаць нафту непасрэдна на "Дружбе"

19.11.2010 15:25
Архив Редакция

Украіна, абмяркоўваючы тэставую прапампоўку нафты на Мазырскі НПЗ па нафтаправодзе Адэса-Броды, прапанавала Беларусі перайсці на схему замяшчэння венесуэльскай нафты гатунку Санта-Барбара на расійскую Urals непсрэдна на нафтаправодзе «Дружба». Паводле ацэнак спецыялістаў, гэта дасць магчымасць зменшыць дастаўку сыравіны ў Беларусь у параўнанні з трубаправодным маршрутам напрамую з Расіі прыкладна на 2,5 даляра за барэль.

Раней у порт Паўднёвы (Адэская вобласць) з Наварасійску прыбыў танкер з 80 тыс. тон расійскай нафты, якую Беларусь набыла па схеме замяшчэння венесуэльскай нафты праз міжнароднага трэйдара Glencore (буйны нафтагазавы трэйдар на рынках Еўропы і ЗША, які валодае пакетамі Рускага алюмінію і нафтавай кампаніі Русснефть). У чацвер судна павінна было стаць пад разгрузку, але затрымалася праз туман.

«У тым, што Glencore мог паўдзельнічаць (у схеме паставак у Беларусь), я не сумняюся», — сказaў адзін трэйдар, адзначыўшы, што варта дачакацца выгрузкі Urals у Паўднёвым, паведамляе Reuters.

У сераду, 17 лістапада, крыніца ў галіне казала, што Glencore можа паставіць і другі лістападаўскі танкер у порт Паўднёвы тым жа маршрутам, але пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не атрымалася.

Трэйдары таксама лічаць, што Беларусі ўдалося дамагчыся ад ўкраінскага боку зніжэння кошту перавалкі нафты ў Паўднёвым порце. «Беларуская дэлегацыя сядзела ў Кіеве тыдзень і нібыта дамаглася зніжак», — сказаў трэйдар.

Па дадзеных іншай крыніцы, украінскі бок прапанаваў пайсці далей і наогул адмовіцца ад паставак марскіх партый нафты, замяніўшы іх свопавай угодай з Urals на нафтаправодзе «Дружба». У гэтым выпадку Glencore атрымліваў бы ад PDVSA венесуэлькую нафту, падаючы наўзамен трубаправодныя аб’ёмы Urals, якія пастаўляюцца ў Беларусь з Расіі, як і раней, па нафтаправодзе.

«Навошта там (у порце), калі можна замясціць тут (на адгалінаванні ад «Дружбы» да Мазырскага НПЗ)?» — сказала крыніца. Паводле яе дадзеных, Украіна па-ранейшаму мае намер выкарыстоўваць трубаправод Адэса-Броды для лёгкіх гатункаў сыравіны і не хацела б загружаць яго сярэднецяжкай Urals на пастаяннай аснове.

Как вам новость?