Украіну непакоіць дэмпінг пры ўвозе мяса і цукру з Беларусі

15.04.2010 10:41
Архив Редакция

Міністр аграрнай палітыкі Ўкраіны Мікалай Прысяжнюк падчас сустрэчы з надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам Беларусі ва Ўкраіне Валянцінам Вялічка выказаў турботу з нагоды дэмпінгавых коштаў на мясную прадукцыю і цукар, якія пастаўляюцца ва Ўкраіну з Беларусі. "Гэта зусім не дадае пазітыву для развіцця аграрнага сектара Ўкраіны", — сказаў украінскі міністр.

Мікалай Прысяжнюк паведаміў, што летась імпарт ва Ўкраіну беларускай жывёлагадоўчай прадукцыі склаў 69,77 млн. даляраў, што амаль на 22% больш, чым у 2008 годзе, перадае прэс-служба міністэрства аграрнай палітыкі Ўкраіны.

«Паводле дзейснага ў нашай краіне заканадаўства дазваляецца ўвоз ва Ўкраіну толькі мяса і мясной сыравіны з жывёл, выгадаваных на тэрыторыі краіны-экспарцёра. Нажаль, большасць праінспектаваных перапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі не прытрымліваюцца гэтых патрабаванняў», — падкрэсліў кіраўнік украінскага ведамства.

Па словах Мікалая Прысяжнюка, таксама падчас кансультацый рознага ўзроўню неаднаразова абмяркоўвалася пытанне па ўрэгуляванні паставак цукру з Беларусі ва Ўкраіну. «Але канкрэтныя рашэнні і шляхі вырашэння праблемы не былі знойдзеныя, — заявіў украінскі міністр. — Мінаграпалітыкі шчыра спадзяецца на рашэнне праблемных пытанняў і пашырэнне ўкраінска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне АПК».

Па меркаванні кіраўніка аграрнай палітыкі Ўкраіны, пэўныя шляхі актывізацыі супрацоўніцтва складаюцца «ў правядзенні абодвума бакамі інспектавання прадпрыемстваў, зацікаўленых у пастаўках бяспечнай і якаснай жывёлагадоўчай прадукцыі на рынкі Ўкраіны і Беларусі».

«Таксама такімі шляхамі з’яўляецца ўзгадненне пытання пра коштавыя параметры ўвозу ва Ўкраіну беларускай малочнай прадукцыі і вызначэнне пазіцыі адносна колькасных паставак беларускага цукру», — адзначыў Мікалай Прысяжнюк.

Как вам новость?
Головоломки