"Укрпіва": прэтэнзіі Беларусі па дэмпінгу неабгрунтаваныя

12.04.2010 13:00
Архив Редакция

Украінскія вытворцы піва аспрэчваюць прэтэнзіі Беларусі ў наўмысным прыніжэнні коштаў на сваю прадукцыю і называюць пачатак антыдэмпінгавага расследавання неабгрунтаваным. Пра гэта заявіла генеральны дырэктар канцэрна "Укрпіва" Галіна Каранькова. Праблемы беларускіх вытворцаў піва кіраўніца "Укрпіва" звязвае з даражэйшай сыравінай.

Па словах Галіны Караньковай, пазіцыя беларускага боку пра ўвядзенне квот на пастаўкі ўкраінскага піва і скарачэнне яго імпарту ў Беларусь амаль у два разы ўкраінскіх вытворцаў не задаволіла, перадаюць «Беларускія навіны». «Бо наша прадукцыя ў Беларусі карыстаецца попытам, а беларускі рынак з’яўляецца для нашых бровараў значным», — адзначыла гендырэктар украінскага канцэрна.

Акрамя таго, распавяла кіраўніца «Укрпіва», Беларусь прапанавала Ўкраіне або ліцэнзаваць пастаўкі піва, што скараціла б аб’ёмы ўвозу, або павялічыць кошты на ўкраінскае піва да вызначанага ўзроўню, чаго таксама імкнуцца пазбегнуць украінскія півавары.

«Прыніжэнні коштаў з боку ўкраінскіх вытворцаў няма. Яны ў нас першапачаткова ніжэйшыя таму, што кошт на сыравіну, у першую чаргу на солад, у вас у Беларусі нашмат вышэйшы (прыкладна на 30% — Тэлеграф). Напэўна, вам трэба карэнным чынам змяняць тэхналогію вытворчасці свайго соладу, і тады прадукцыя будзе адпавядаць і якасным, і коштавым паказчыкам», — лічыць Галіна Каранькова.

Наступны раўнд перамоў паміж канцэрнамі «Белдзяржхарчпрам» і «Укрпіва» адбудзецца 20 красавіка. «Мы будзем імкнуцца дамовіцца. Сварыцца нам няма чаго. Я разумею жаданне вашага ўрада абмежаваць увоз прадукцыі, каб падтрымаць беларускіх вытворцаў піва. Але трэба ўлічваць і пажаданні спажыўцоў. Мы не першы год прадаём у Беларусь наша піва, і ведаем, што вам яно спадабалася», — падагульніла кіраўніца «Укрпіва».

Как вам новость?
Головоломки