Уладам Беларусі прапанавалі лягчаць педафілаў

12.11.2010 16:16
Архив

Грамадскае аб'яднанне «Разуменне» выступае за ўзмацненне жорсткасці беларускага заканадаўства ў дачыненні да гвалтаўнікоў-педафілаў. «Пакараннем для тых, хто ўчыніў злачынствы палавога характару ў адносінах да дзяцей павінна быць пажыццёвае зняволенне з абавязковым псіхіятрычным лячэннем і хімічным лягчаннем», - заявіў 11 лістапада старшыня праўлення таварыства Андрэй Маханько.

Актывіст адзначыў, што падобныя прапановы могуць выклікаць абвінавачанні ў адсутнасці гуманізму да злачынцаў. Разам з тым ён лічыць, што «даваць і адбіраць у чалавека жыццё — промысел Божы, але максімальна пакараць нягоднікаў дзяржава абавязана», перадаюць «Беларускія навіны».

Як паведаміў сакратар камісіі па справах непаўналетніх пры Саўміне Андрэй Саладоўнікаў, за дзесяць месяцаў 2010 года ў Беларусі было згвалтавана 32 дзіцяці, 15 дзяцей сталі ахвярамі распусных дзеянняў. Сем дзяўчат прызнаныя ахвярамі правапарушальнікаў, якія стварылі ўмовы для занятку прастытуцыяй, чатыры непаўналетнія былі ўцягнутыя ў занятак прастытуцыяй, трое сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Дзевяць дзяцей, у тым ліку ад 7 да 14 гадоў, былі ўцягнутыя ў распаўсюд парнаграфіі. Трое дзяцей былі выкрадзеныя і пазбаўленыя волі.

За дзесяць месяцаў 2010 года ў выніку злачынстваў загінула 70 дзяцей, палове з якіх не было і 14 гадоў. 80 дзяцей былі параненыя. Большасць дзяцей, адзначыў Андрэй Саладоўнікаў, загінулі ў выніку ДТЗ.

Ахвярамі наўмысных забойстваў ў 2010 годзе стала 16 дзяцей, у тым ліку 12 ва ўзросце да 14 гадоў, шэсць нованароджаных. Дзевяць дзяцей прызнаныя ахвярамі катаванняў (з іх шасцёра малалетніх). У 2010 годзе шэсць дзяцей былі даведзены да самагубства, восем прызнаныя пакінутымі ў небяспецы, 48 — пацярпелымі ад пагрозы забойства.

Андрэй Саладоўнікаў адзначае латэнтнасць злачынстваў у адносінах да дзяцей, бо нярэдка яны самі або іх бацькі імкнуцца схаваць непрыемны факт. «Мы бачым толькі верхавіну айсберга», — сказаў сакратар Камісіі па справах непаўналетніх.