Улады абяцаюць знізіць падатковую нагрузку на грамадзянаў

08.07.2010 13:13
Архив Редакция

Беларускія ўлады абяцаюць у наступным годзе знізіць падатковую нагрузку на грамадзян. Пра гэта восьмага ліпеня паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Міністэрства па падатках і зборах Міхаіл Расолька. "У наступным годзе працягнецца зніжэнне падатковай нагрузкі шляхам павелічэння стандартных вылікаў, якія прымяняюцца пры вылічэнні падаходнага падатку", — сказаў прадстаўнік МНС.

Па словах Міхаіла Расолькі, стандартны падатковы вылік павялічыцца з 270 тыс. рублёў у гэтым годзе да 292 тыс. у наступным годзе. «І давацца ён будзе пры заработнай плаце не вышэйшай за 1,76 млн. рублёў. Сёння гэтая мяжа ў заробку складае 1,63 млн. рублёў», — цытуе намесніка начальніка БелТА.

Прадстаўнік МНС паведаміў таксама пра планаванае павелічэнні колькасці асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасці, якімі можна займацца без рэгістрацыі. Па словах Міхаіла Расолькі, прадпрымальнікі будуць выплочваць толькі адзіны падатак і змогуць свабодна займацца сваёй прадпрымальніцкай дзейнасцю.

«Гэта спросціць іх працу з аднаго боку, з другога — зробіць іх бізнэс легальным і павысіць дадатковыя паступленні ў бюджэт. У ліку такіх відаў дзейнасці — музычнае абслугоўванне вяселляў, паслугі тамады, рамонт трыкатажных і футравых вырабаў і некаторыя іншыя віды паслуг», — адзначыў Міхаіл Расолька.

У Беларусі з пачатку наступнага года адменяць некаторыя віды падаткаў

У сваю чаргу, першы намеснік міністра па падатках і зборах Сяргей Налівайка паведаміў, што з першага студзеня 2011 года ў Беларусі адменяць некаторыя віды падаткаў. «Запланавана адмена мясцовага збору на развіццё тэрыторый, — сказаў першы намеснік міністра. — Цяпер ён складае 3%. Будуць выключаны са складу экалагічнага падатку асобныя віды плацяжоў, адмененыя авансавыя плацяжы па ПДВ. Чакаецца адмена і іншых відаў плацяжоў».

Сяргей Налівайка таксама адзначыў, што перад падатковымі органамі пастаўлена задача па спрашчэнні сістэмы падаткаабкладання, зніжэнні падатковай нагрузкі, аб’яднанні плацяжоў, якія маюць падобныя падатковыя базы, аптымізацыі памераў падатковых ставак і канкрэтызацыі ўмоваў вылічэння падаткаў.

«Усё гэта будзе спрыяць павышэнню рэйтынгу краіны, які вызначае Сусветны банк у штогадовай справаздачы па вядзенні бізнэсу», — канстатаваў прадстаўнік міністра па падатках і зборах.

Как вам новость?
Головоломки