Улады Беларусі вырашылі перайсці на новую пенсійную сістэму

28.12.2010 10:20
Архив Редакция

Беларусь з 2012 года плануе пачаць паступовы пераход на шматузроўневую сістэму пенсійнага забеспячэння. Як паведаміла 27 снежня старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Антаніна Морава, разам з размеркавальнай сістэмай, якая забяспечвае сацыяльную пенсійную абарону, плануецца ўвесці ўмоўна-назапашвальную сістэму.

Антаніна Морава патлумачыла, што пры размеркавальнай сістэме тыя, хто працуе, забяспечваюць пенсіянераў, а пры ўмоўна-назапашвальнай кожны будзе рабіць ўклады ў пенсійны фонд і адпаведна з гэтым атрымліваць у выніку пенсію. У цяперашні час каля 60% дзяржаўнага бюджэту ідзе на сацыяльныя мэты, увядзенне ж новай сістэмы дапаможа скараціць выдаткі дзяржавы на пенсійнае забеспячэнне, паведамляе БелТА.

Па словах Антаніны Моравай, важным складнікам сацыяльнай палітыкі з’яўляецца заканадаўчая база. Сёння больш за 40% законаў, прынятых Саветам Рэспублікі, сацыяльна арыентаваныя. У бліжэйшыя пяць гадоў, па словах кіраўніка Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі, трэба будзе разгледзець законапраекты, што датычацца сямейнай палітыкі, павышэння сямейных дапамог, забеспячэння жыллём. «Неабходна ўключыць усе стымулюючыя вектары для таго, каб як мага больш дзяцей нараджалася і павялічвалася колькасць нашага насельніцтва», — падкрэсліла Антаніна Морава.

Так, сенатарка нагадала, што нядаўна быў прыняты праект закона аб унясенні дапаўненняў у закон «Аб сацыяльнай падтрымцы дзяцей», які прадугледжвае павелічэнне дапамогі па доглядзе за дзіцём да трох гадоў да бюджэту пражытачнага мінімуму. У цяперашні час перад уладамі стаіць задача наблізіць дапамогу па доглядзе за дзіцём да ўзроўню сярэдняй заработнай платы.

Как вам новость?