Улады маюць намер ізноў дазволіць ІП наймаць несваякоў

07.04.2010 08:37
Архив Редакция

Міністэрства эканомікі ўключыла ў план праекта мерапрыемстваў па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці ў 2010 годзе прапанову зноў дазволіць індывідуальным прадпрымальнікам наймаць трох супрацоўнікаў з не чальцоў сям'і. Пра гэта паведаміў старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў (МССПіР) Уладзімір Карагін.

Па словах кіраўніка МССПіР, наогул у гэты план улады прынялі больш за 20 прапаноў бізнэс-супольнасці, узятых з Нацыянальнай платформы бізнэсу Беларусі — 2010, перадае БелТА. «Упершыню бізнэс-асацыяцыі Беларусі запрасілі да падрыхтоўкі такога дакумента, упершыню прынялі нашы прапановы», — адзначыў Уладзімір Карагін.

Па меркаванні прадпрымальніцкага лідара, цяперашняя праграма лібералізацыі эканомікі «будзе ахопліваць шырэйшы комплекс пытанняў, чым раней». Увогуле ж Нацыянальная платформа бізнэсу Беларусі — 2010 будзе складацца з каля 120 прапаноў па ўдасканаленні ўмоў для бізнэсу, распавёў кіраўнік МССПіР.

Сярод іншых прапаноў бізнэс-супольнасці ў план лібералізацыі ўвайшлі ініцыятывы па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур, садзейнічанні развіццю субкантрактацыі, а таксама дазволу бізнэсмэнам удзельнічаць у абмеркаванні законапраектаў, паведаміў Уладзімір Карагін.

«Дадзенае пытанне выклікала шмат спрэчак з боку ведамстваў, якія лічаць, што гэта будзе замахам на іх манаполію, калі грамадскія аб’яднанні і бізнэс-асацыяцыі афіцыйна ўключаць у публічнае абмеркаванне законапраектаў. На наш жа погляд, важна, каб прыняцце найболей важных рашэнняў праходзіла пры абмеркаванні ў прафесійным дзелавым асяроддзі», — падкрэсліў лідар мінскіх прадпрымальнікаў.

Па словах кіраўніка МССПіР, у прадпрымальніцкім асяроддзі выказваюць «стрыманы аптымізм» з нагоды далейшай лібералізацыі вядзення бізнэсу ў краіне і разлічваюць на рэальнае ўвасабленне ў жыццё намераў, заяўленых у праекце плану лібералізацыі, які цяпер мае прайсці ўзгадненне ў зацікаўленых міністэрствах і ведамствах.

Как вам новость?
Головоломки