Улады рыхтуюць комплексную праграму соцпадтрымкі насельніцтва

14.06.2010 15:30
Архив Редакция

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны рыхтуе праект комплекснай рэспубліканскай праграмы сацыяльнай падтрымкі насельніцтва на 2011-2015 гады. Пра гэта паведаміла 14 чэрвеня намесніца міністра працы Валянціна Каралёва. "Новая праграма аб'яднае некалькі праграмаў, якія дзейнічаюць цяпер, і будзе ўключаць некалькі раздзелаў, у тым ліку датычных сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей", — сказала чыноўніца.

Па словах Валянціны Каралёвай, праграма таксама будзе ўключаць у сябе умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і працы дамоў-інтэрнатаў, аказанне садзейнічання супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі ветэранаў і інвалідаў, перадае БелТА.

«Таксама ў праграме знойдуць адлюстраванне такія формы працы з насельніцтвам, як абслугоўванне на даму, мерапрыемствы па падтрымцы і рэабілітацыі інвалідаў, ільготы, жыллё, устаноўка пажарных апавяшчальнікаў», — паведаміла намесніца міністра.

«Асноўная ўвага ў праграме будзе нададзена падтрымцы ветэранаў вайны. У тым ліку плануецца заканадаўча замацаваць прадстаўленне паслугаў сядзелак такім грамадзянам, якія жывуць адны, бясплатна», — адзначыла Валянціна Каралёва.

Па словах прадстаўніка міністэрства, цяпер гэтае пытанне прапрацоўваецца на мясцовым узроўні пры падтрымцы мінпрацы і сацыяльнай абароны. «Таксама ў праект праграмы плануецца ўнесці асобным пунктам палажэнне аб неабходнасці прадстаўлення паслуг сядзелкі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны на бясплатнай аснове», — дадала намесніца міністра.

Валянціна Каралёва падкрэсліла, што праца з ветэранамі праводзіцца пастаянна. Па словах чыноўніка, штогод праходзіць абследаванне побытавых умоваў ветэранаў і арганізавана іх хатняе абслугоўванне.

Как вам новость?