Улады рыхтуюцца аб'явіць прыватны бізнэс сваім партнёрам

19.07.2010 16:01
Архив Редакция

Міністэрства эканомікі Беларусі пры падтрымцы Беларускага саюза прадпрымальнікаў распрацоўвае законапраект "Аб прыватна-дзяржаўным партнёрстве". Пра гэта распавяла дырэктарка Цэнтра сістэмных бізнэс-тэхналогіяў "САТИО" Жанна Грынюк.

Узмацненне ўзаемадзеяння грамадства, дзяржавы і прыватнага бізнэсу будзе адбывацца ў рамках мерапрыемстваў па лібералізацыі эканамічных адносінаў, перадае БелТА. «Законапраект накіраваны на стварэнне найбольш спрыяльных і празрыстых умоваў узаемадзеяння дзяржавы і прыватнага бізнэсу», — падкрэсліла Жанна Грынюк.

Узаемадзеянне, па словах спецыяліста цэнтра «САТИО», прадугледжвае не толькі тэндэрныя закупкі, але і «комплексныя падыходы да вырашэння рознага кшталту праблемаў, выключаючы пры гэтым верагоднасць заключэння карупцыйных пагадненняў».