Улады хочуць прасоўваць імідж Беларусі за мяжой праз сацсеткі

08.06.2010 10:51
Архив Редакция

Улады Беларусі хочуць прасоўваць імідж краіны за мяжой, выкарыстоўваючы інтэрнэт. Для гэтага, як лічыць вядучы спецыяліст Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Аляксей Васількоў, неабходна больш актыўна прапагандаваць нацыянальныя інтэрнэт-рэсурсы ў сацыяльных сетках.

Тлумачачы неабходнасць выкарыстання сацыяльных сетак, Аляксей Васількоў адзначыў, што «ужо вырасла цэлае пакаленне, якое атрымлівае патрэбную інфармацыю не ў пошукавых сістэмах, а праз сацыяльныя сеткі», паведамляе БелаПАН.

У сваю чаргу, прэс-сакратар міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных заявіў, што для прасоўвання іміджу краіны нацыянальныя інтэрнэт-праекты павінны мець версіі на замежных мовах і ствараць люстраныя сайты, да прыкладу, у ЗША.

Прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства падкрэсліў, што без інтэрнэт-сайтаў на ангельскай, нямецкай, французскай мовах Беларусі будзе складана прасоўваць свой імідж за мяжой. «Рускамоўныя сайты носяць рэгіянальны характар», — сказаў Андрэй Савіных, дадаўшы, што «дзяржава не можа цалкам адказваць за фармаванне іміджу краіны». «Калі намаганні дзяржавы не будуць падтрыманы грамадскімі структурамі, эфекту будзе мала», — дадаў прэс-сакратар.

Прадстаўнік МЗС таксама лічыць магчымым заснаваць нацыянальны конкурс па стварэнні інтэрнэт-прадукту, які прасоўваў бы імідж Беларусі за мяжой. Андрэй Савіных адзначыў, што дзяржава магла б падаваць невялікія гранты для рэалізацыі паспяховых ідэй.

Как вам новость?
Головоломки