Улады: збор подпісаў у Берасцейскай і Гомельскай абласцях праходзіць спакойна

12.10.2010 15:35
Архив Редакция

Кампанія па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях праходзіць у спакойнай абстаноўцы. Пра гэта заявілі намеснік старшыні Берасцейскай абласной тэрытарыяльнай камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі Наталля Грыгор'ева і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала.

Як адзначылі прадстаўнікі мясцовых уладаў, ініцыятыўныя групы працуюць без абмежаванняў і якіх-небудзь прэцэдэнтаў. Скаргі і звароты на перашкоды, якія чыняцца ініцыятыўным групам, у тэрытарыяльныя камісіі і органы ўлады не паступалі, паведамляе БелТА.

Па словах Ірыны Даўгала, на Гомельшчыне збор подпісаў праходзіць даволі актыўна, значна пашырылася, у параўнанні з мінулай выбарчай кампаніяй, колькасць месцаў для правядзення пікетаў, якія ўстаноўлены ў шматлюдных месцах ва ўсіх раёнах абласнога цэнтру і вобласці.

Наталля Грыгор’ева у сваю чаргу паведаміла, што ў Берасцейскай вобласці максімальна спрасцілі збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі. Берасцейскі гарвыканкам сваім рашэннем № 1864 ад 30 верасня 2010 года практычна цалкам адмяніў забароненыя папярэднім рашэннем месцы пікетавання ў Берасці.

«Па сутнасці, у абласным цэнтры цяпер няма месцаў, дзе было б забаронена праводзіць пікеты. Абмежаванне распаўсюджваецца толькі на 50-метровую зону каля будынкаў органаў мясцовага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, якія забяспечваюць бяспеку дзяржавы, а таксама жыццядзейнасць насельніцтва», — распавяла Наталля Грыгор’ева, дадаўшы, што аналагічныя рашэнні прынялі ўсе гаррайвыканкамы вобласці.

Как вам новость?