Улетку адкрыецца першы ў Мінску прыватны кінатэатр з 3D-залай

08.06.2010 11:07
Архив Редакция

Новы кінатэатр прэміум-класа Rubin Plaza адкрыецца ў аднайменным гандлёва-забаўляльным цэнтры на праспекце Дзяржынскага, 5 ўжо гэтым летам. Першы ў беларускай сталіцы прыватны арткінатэатр будзе складацца з двух лічбавых залаў: на 94 і 54 месцы. У першай будуць дэманстравацца найноўшыя сусветныя прэм'еры ў суперпапулярным фармаце 3D. Другая зала кінатэатра будзе арыентаваны на артхаус і тэматычныя праграмы.

Акрамя арыгінальнага рэпертуару, у Rubin Plaza будуць і іншыя прапановы для мінскага гледача. Паказы ў арткіатэатры будуць праходзіць кругласуткава. У Rubin Plaza размесціцца кінабар, у якім упершыню ў Мінску будуць гатавацца звыклыя для гледачоў ва ўсім свеце папкорн і цукровая вата.

Кошты квіткоў на сеансы будуць вар’іравацца ў дыяпазоне ад 3 да 35 тыс. рублёў у залежнасці ад дня тыдня, часу сутак і тэхналогіі паказу. Прадугледжаны зніжкі для розных катэгорый гледачоў — студэнтаў, школьнікаў, пенсіянераў, інвалідаў, сем’яў.

«Відавочны дысбаланс паміж агульным развіццём Мінску як сучаснай сталіцы і узроўнем развіцця кінапаказу ў горадзе, — кажа дырэктар арткінатэатра Rubin Plaza Аляксандр Нікалайчук. — Многія мінчукі мараць пра кінатэатры еўрапейскага ўзроўню з 3D-залай, нестандартным рэпертуарам і развітой інфраструктурай. Гэтую калектыўную мару мы стараемся ўвасобіць у жыццё ў Rubin Plaza».

У холе арткінатэатра размесціцца паб, у якім па вечарах будуць праходзіць музычныя і забаўляльныя праграмы. Камфортнасць прагляду фільмаў у кіназалах будуць забяспечваць зручныя крэслы з падлакотнікамі і падшкляннікамі для напояў і попкорну. У арткінатэатры прадугледжаны VIP-карты, якія забяспечаць доступ на любыя сеансы без чаргі. Першымі іх уладальнікамі стануць арандатары новых офісаў у бізнэс-цэнтры Rubin Plaza.

Дата адкрыцця арткінатэатра будзе вызначаная пазней. Цяпер у будынку завяршаюцца будаўнічыя і аздбленчыя работы. Аднак рэпертуар ўжо фармуецца — надоечы кіраўніцтва арткінатэатра Rubin Plaza адправілася на міжнародны кінакірмаш у Сочы. Там будзе закуплены цэлы шэраг чаканых прэм’ер для пракату ў Rubin Plaza як у 3D, так і ў двухмерным фармаце. Усе навіны пра кінатэатр першымі змогуць даведвацца ўдзельнікі суполак Rubin Plaza ў сацыяльных сетках. Спасылкі на іх размешчаны на адрасе http://ir.by/rubinplaza/.

Как вам новость?
Головоломки