Упершыню ў Беларусі выступіць легендарны польскі гурт Myslovitz

15.11.2010 15:09
Архив

3 снежня ў межах серыі канцэртаў праекту «ЖывыГукON-line» упершыню ў Беларусі адбудзецца выступ легендарнага польскага гурта Myslovitz. Нягледзячы на блізасць Беларусі і Польшчы, мы даволі мала знаёмыя з музыкай суседняй краіны. Запрашаючы гурт Myslovitz, ідэйны кіраўнік праекту «ЖывыГукON-line» і вядомы беларускі музыка Піт Паўлаў жадае паказаць актуальную і папулярную польскую музыку, якая нічым ня горшая за расійскую ці ўкраінскую, якую даволі часта можна пачуць на канцэртах у Беларусі.

Myslovitz, самы вядомы і ўплывовы польскі гурт, існуе з 1992 году.
Першапачаткова гурт, створаны ў гарадку Мысловіцэ нязменным фронтмэнам
гурта Артурам Роекам, называўся The Freshmen, а цяперашняя назва, якая
адпавядае нямецкаму напісанню роднага гораду гурта, з’явілася ў 1994
годзе. Тады ж гурт выпусціў і першы аднайменны дыск, які прадусаваў Ян
Гарыс, раней вядомы па працы з Joy Division, New Order і The Exploited.
Потым паследавалі альбомы «Sun Machine» і «Z rozmyślań przy śniadaniu», а ў 1998 годзе выйшаў альбом «Miłość w czasach popkultury»,
які прынёс гурту шырокую вядомасць. Ён быў прададзены накладам больш
чым 150 000 экземпляраў і на цяперашні момант мае статус двойчы
«платынавага». Тры з чатырох сінглаў гэтага альбому займалі першае месца
ў польскім чарце. З гэтага ж часу гурт пачынае актыўна гастраляваць, а
фан-клубы Myslovitz з’яўляюцца па ўсім свеце (Данія, ЗША, Бразілія).

Ужо наступны альбом «Korova Milky Bar» быў запісаны
адразу на двух мовах — па-польску і па-ангельску — і выдадзены ў 27
краінах свету, а Myslovitz выступаў разам з такімі музыкамі, як Travis і
Skin, на шматлікіх фестывалях свету (The Road to Edinburgh, T In The
Park, Pukkelpop, Witness і іншых). У 2004 годзе выпускаецца
эксперыментальны, пераважна інструментальны альбом «Skalary, mieczyki, neonki», а ў 2006 годзе выходзіць апошні на цяперашні момант альбом «Happiness Is Easy», які атрымаў «платынавы» статус.

Зараз Myslovitz можна з упэўненасцю назваць самым вядомым і
актуальным польскім гуртом у свеце, чые кліпы на YouTube праглядзелі не
адзін мільён разоў. З вясны гэтага году гурт працуе над новай плыткай.
Відэа і фатаздымкі з працы над альбомам у студыі можна знайсці ў спецыяльна створаным для гэтага блогу.

Беларускія меламаны маглі бачыць гурт Myslovitz на фестывалі be2gether
на літоўска-беларускай мяжы ў 2007 годзе. У Беларусь гурт прыязджае
ўпершыню, перад гэтым наведваючы Лондан, Гданьск і Стакгольм. На
канцэрце ў Мінску гурт выканае ўсе свае галоўныя хіты, а таксама песні з
будучага альбому.

Канцэрт адбудзецца пры падтрымцы Польскага інстытуту 3 снежня ў
клубе «Рэактар» (вул. В. Харужай, 29). Пачатак у 19:00. Кошт квіткоў: 15
000, 10 000 (для польскіх грамадзян і студэнтаў), 25 000 (столікі).
Квіткі можна набыць у касе клубу. Даведкі па тэлефону: +375 29 3404633 і
на сайце www.zyvyhuk.org.

польская рок-группа myslovitz афиша.jpg