Урад абяцае правесці ў 2011 годзе "шырокую прыватызацыю"

16.02.2011 16:40
Архив Редакция

Віцэ-прэм'ер Беларусі Сяргей Румас заявіў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, што ўрад мае намер правесці ў 2011 годзе "шырокую прыватызацыю прадпрыемстваў, значна большую, чым за ўсе мінулыя гады". Паводле яго слоў, гэта абумоўлена неабходнасцю выканаць паказчыкі па прыцягненні прамых замежных інвестыцый.

Намеснік кіраўніка ўрада адзначыў, што гэты паказчык з’яўляецца самым складаным з усіх мэтавых паказчыкаў на гэты год па цэлым шэрагу прычынаў, да якіх ён аднёс праблемы ў заканадаўстве, бюракратычныя працэдуры і нежаданне мясцовых уладаў і міністэрстваў прыцягваць прамыя замежныя інвестыцыі, перадае БелТА. Апошняе, на яго думку, складае самую вялікую праблему для выканання дадзенага паказчыка.

Сяргей Румас адзначыў, што чыноўнікі не ўмеюць правільна распараджацца ўкладанымі ў прадпрыемства дзяржавай «каласальнымі сродкамі», і таму не хочуць выглядаць як бізнэсмэны-няздары ў выпадку прыходу замежнага інвестара або эфектыўнага прыватнага ўласніка.

Пры гэтым віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што ва ўрадзе бачаць усе гэтыя праблемы, аднак «гатовых рэцэптаў» іх рашэння ў Саўміна на дадзены момант няма. «Але ўрад выпрацоўвае цэлы комплекс мер па прыватызацыі прадпрыемстваў», — адзначыў Сяргей Румас. «Думаю, што па выніках 2011 года нам будзе, аб чым даць справаздачу», — дадаў ён.

Как вам новость?