Урад Беларусі разлічвае плаціць за газ 220 даляраў

10.11.2010 10:05
Архив Редакция

Першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка 9 лістапада заявіў, што ў 2011 годзе кошт газу для Беларусі складзе 210 — 220 даляраў за тысячу кубаметраў. Разам з тым, датычна паставак газу з Расіі ў 2011 годзе, Уладзімір Сямашка адзначыў, што ў цяперашні час бакі абмяркоўваюць "некаторыя пытанні, ёсць пэўныя прапановы, але што будзе, паглядзім".

Тарыф на транзіт расійскага газу па Беларусі, па словах Уладзіміра Сямашкі, у 2011 годзе вырасце з 1,88 даляра да 2 даляраў за тысячу кубаметраў на 100 кіламетраў. Першы віцэ-прэм’ер патлумачыў, што ў адпаведнасці з дамовай ад 31 снежня 2006 года тарыфы «рухаюцца ва ўвязцы, як рухаецца і формула цаны на нафту — сінхронна, па пэўнай залежнасці прасоўваецца і тарыф на транзіт газу».

Уладзімір Сямашка нагадаў, што 15 кастрычніка прэм’ер-міністр Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што да 2015 года Беларусь і Расія плануюць выйсці на прынцып роўнапрыбытковасці коштаў на газ. Расія мае намер рухацца да ўзроўню роўнапрыбытковасці «ўлічваючы саюзніцкія адносіны». Пры гэтым Уладзімір Пуцін даў даручэнне «Газпрому» працаваць у гэтым напрамку. Па словах Уладзіміра Сямашкі, Беларусь таксама ў 2012 — 2015 гадах плануе рухацца да прынцыпу роўнапрыбытковасці у залежнасці ад крокаў Расіі ў гэтым напрамку, перадае БелаПАН.

Уладзімір Сямашка паведаміў, што тарыфы на транзіт нафты па Беларусі плануецца ўсталяваць да канца года. «Гэта будзе залежаць ад курсу расійскага рубля да даляра: разлік вядзецца рублямі, а тарыфы ўстанаўліваюцца ў далярах», — растлумачыў першы намеснік беларускага прэм’ера.

У той жа час, у «Газпроме» не выключылі, што на перамовах па новым кантракце з Беларуссю могуць узнікнуць складанасці. Як раней перадаваў Тэлеграф, афіцыйны прадстаўнік кампаніі Сяргей Купрыянаў заявіў 1 лістапада, што «пакуль сказаць складана», як будуць праходзіць перамовы. «Мы ўсе ведаем прыказку: спадзявайся на лепшае, рыхтуйся да горшага», — адзначыў Сяргей Купрыянаў.

Как вам новость?
Головоломки