Урад: да канца года сярэдні заробак складзе 503 даляры

28.10.2010 12:19
Архив Редакция

Па папярэдніх дадзеных, да канца 2010 года сярэдняя заработная плата ў Беларусі складзе больш за 1,5 млн. рублёў (503 даляры). Аб гэтым паведамілі ва ўрадзе Беларусі. У верасні гэтага года намінальная налічаная сярэдняя заработная плата склала каля 1,3 млн. рублёў (433 даляры).

Як адзначылі ва ўрадзе, з 1996 года ў Беларусі штогод фіксуецца рост заробку. За гэты час рэальная зарплата беларусаў павялічылася ў 4,9 раза. Для параўнання, у Расіі за апошнія 15 гадоў рэальная зарплата павялічылася ўсяго ў 2,5 разы, у Казахстане — у 3,1 раза, ва Украіне — у 2,7 раза, перадае БелаТА.

Па памеры заробку ў даляравым эквіваленце сярод краін СНД Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы пасля Расіі і Казахстана. Па словах экспертаў, гэта ў большай ступені звязана з высокім узроўнем аплаты працы ў здабыўной прамысловасці гэтых краін.

Так, у пераліку на даляры ў ліпені 2010 года сярэдняя зарплата ў Расіі склала 695 даляраў, у Казахстане — 558 даляраў. У той жа час у Азербайджане гэты паказчык склаў 409 даляраў у эквіваленце, у Арменіі — 307 даляраў, ва Украіне — 300 даляраў, у Малдове — 243 даляры, у Кыргызстане — 157 даляраў, у Таджыкістане — 79 даляраў.

Як раней перадаваў Тэлеграф, паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэту, намінальны налічаны сярэднямесячны заробак працаўнікоў Беларусі ў верасні склаў 1,3 млн. рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні са жніўнем 2010 года на 1,4%, або на 18,3 тыс. рублёў. Пры гэтым рэальны заробак беларусаў (разлічаны з улікам росту спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі) у параўнанні са жніўнем 2010 года зменшыўся на 0,2%.

Как вам новость?