Урад даручыў выправіць недахопы ў сферы жылля да першага чэрвеня

15.04.2010 12:04
Архив Редакция

Урад Беларусі даручыў аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму да 25 красавіка сабраць заўвагі і прапановы ад грамадзян па якасці пабудаванага і ўведзенага ў эксплуатацыю жылля ў апошнім квартале мінулага года — першым квартале гэтага года і да першага чэрвеня выправіць усе недахопы ў адпаведнасці з атрыманымі заўвагамі. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна ад дзявятага красавіка № 537.

Паводле дакумента, прапановы і заўвагі ад грамадзян будуць прымацца да першага траўня. «Таксама недахопы па працах, перанесеных на спрыяльны перыяд года, павінны быць ухіленыя да 15 чэрвеня. Кантроль за выпраўленнем выяўленых недахопаў забяспечаць мясцовыя органы ўлады сумесна з Дзяржкамітэтам па стандартызацыі», — паведамілі ў прэс-службе Саўміна.

Пастановай урада таксама прадугледжана, што да першага траўня цяперашняга года павінен быць наведзены парадак на будаўнічых аб’ектах паводле дзейсных тэхнічных нарматыўных прававых актаў. «Дэпартаменту кантролю і нагляду за будаўніцтвам Дзяржкамітэта па стандартызацыі прадпісана прыпыняць вытворчасць прац на аб’ектах у тых выпадках, калі недахопы не ўхіляць, а парадак не будзе наведзены ва ўсталяваныя тэрміны», — падкрэсліваецца ў паведамленні Саўміна.

У сваю чаргу, міністэрства архітэктуры і будаўніцтвы да 30 красавіка павінна зацвердзіць пералік тыпавых элементаў і рашэнняў па арганізацыі, уладкаванні і ўтрыманні будаўнічых пляцовак. «Мінбудархітэктуры сумесна з Дзяржкамітэтам па стандартызацыі таксама павінна забяспечыць да 15 траўня занясенне змен у нарматыўныя прававыя акты ў частцы ажыццяўлення дзяржаўнага будаўнічага нагляду за жылымі дамамі, якія ўзводзяцца ў сяльгасарганізацыях з дзяржпадтрымкай», — распавялі ў прэс-службе.

Паводле дакумента, да першага чэрвеня павінна быць распрацавана і зацверджана пастанова «пра атэстацыю персанала праектных арганізацый», а да першага траўня выкананы «ямачны рамонт на аўтамабільных дарогах агульнага карыстання, вуліцах і праездах у населеных пунктах, наведзены парадак у палосах адводу і прыдарожных палосах аўтамабільных дарог агульнага карыстання і чыгунак».

«Таксама прадугледжваецца, што міністэрства адукацыі сумесна з мінбудархітэктуры будуць узаемадзейнічаць у плане падвышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў будаўнічай галіны і штогод зацвярджаць адпаведныя планы і праграмы, якія адлюстроўваюць колькасць, кірункі дзейнасці і спецыялізацыю навучаных працаўнікоў», — гаворыцца ў паведамленні ўрада.

Пастанова таксама прадугледжвае, што да першага чэрвеня павінна быць распрацавана і зацверджана пастанова «пра сертыфікацыю праектных арганізацый», якая надае ім права вырабляць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі без правядзення дзяржаўнай экспертызы, распавялі ў прэс-службе Саўміна.

Как вам новость?