Урад: экспарт будпаслуг павінен павялічыцца ў 5,5 разоў

30.07.2010 11:21
Архив Редакция

Урад Беларусі ў 5,5 разоў павялічыў заданні па аб'ёме экспарту будаўнічых паслуг у 2010 годзе для рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.

Такія дзеянні былі распачатыя ў ходзе выканання задання прэзідэнта Беларусі, дадзенага ў красавіку 2010 года. Паводле новых заданняў, экспарт будаўнічых паслуг (у тым ліку, архітэктурных, інжынерных і іншых тэхнічных паслуг, а таксама паслуг, якія аказваюць прыватныя арганізацыі без ведамаснай падпарадкаванасці) на працягу 2010 года павінен вырасці да 430 млн. даляраў у параўнанні з 77 млн. даляраў у 2009 годзе.

Адказнасць за выкананне заданняў ускладзена асабіста на міністра архітэктуры і будаўніцтва, кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацыяў, падпарадкаваных ураду, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, паведамляе «Ежедневник».

Згодна з заданнем урада, больш за 50% усяго экспарту будпаслуг павінна забяспечыць міністэрства будаўніцтва і архітэктуры — 247 млн. даляраў. Заданне Мінгарвыканкаму і аблвыканкамам склала ў цэлым 130 млн. даляраў (з улікам арганізацыяў, якія не маюць ведамаснай падпарадкаванасці). Астатні аб’ём экспарту будпаслуг павінны забяспечыць канцэрн «Белнафтахім» (20 млн. даляраў), міністэрства транспарту і камунікацыяў (15 млн. даляраў), міністэрства энергетыкі (14,5 млн. даляраў) і міністэрства сувязі і інфарматызацыі (3,5 млн. даляраў).

Як раней паведамляў Тэлеграф, у красавіку гэтага года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па развіцці будаўнічай галіны краіны выказаў незадаволенасць аддачай ад працы будаўнічага комплексу Беларусі і даў даручэнне павялічыць аб’ём экспарту будаўнічых паслуг у разы.

За першыя пяць месяцаў 2010 года аб’ём экспарту будаўнічых паслуг павялічыўся на 8,6%, у грашовым выражэнні гэты паказчык склаў 34,2 млн. даляраў.

Как вам новость?
Головоломки