Урад мае намер кардынальна спрасціць сістэму бухуліку

18.01.2011 12:39
Архив Редакция

Урад Беларусі падрыхтаваў праект указу аб спрашчэнні вядзення бухгалтарскага ўліку. Як паведамілі ў Савеце міністраў Беларусі, праект указу накіраваны на скасаванне лішніх патрабаванняў дзяржавы па рэгламентацыі вядзення бухгалтарскага ўліку і афармлення дакументаў.

Згодна з праектам указу, у Беларусі плануецца скараціць колькасць абавязковых да прымянення дакументаў да дзесяці формаў, пры гэтым для іх складання арганізацыя будзе мець права выкарыстоўваць любыя пацвярджальныя дакументы. Праект дакумента таксама прадугледжвае скарачэнне колькасці абавязковых рэквізітаў ў першасных уліковых дакументах, а таксама ўстанаўленне мінімальнага спісу канкрэтных звестак і рэквізітаў, неабходных для вядзення бухгалтарскага ўліку, якія павінны быць указаны ў першасным уліковым дакуменце.

Саўмін прапануе не штрафаваць ІП за няправільна аформленыя дакументы

Акрамя таго, Саўмін выступіў за прыпыненне дзеяння артыкула 23.17 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях, згодна з якім за парушэнне парадку складання (афармлення) першасных уліковых дакументаў індывідуальных прадпрымальнікаў або юрыдычных асобаў маглі аштрафаваць на суму да 5% сумы грашовай ацэнкі гаспадарчай аперацыі, указанай у гэтых дакументах.

У Савеце міністраў лічаць, што прыняцце новага ўказа дасць магчымасць павысіць пазіцыю Беларусі ў рэйтынгу краін па ўмовах вядзення бізнэсу, палепшыць інвестыцыйны клімат у краіне, а таксама паспрыяе аўтаматызацыі бухгалтарскага ўліку і лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці.

Саўмін: новы ўказ павысіць самастойнасць ІП

«Яго прыняцце стане рэальным крокам на шляху пераходу дзяржавы ад рэгулявання працэсу вядзення бухгалтарскага ўліку ў арганізацыі да павышэння самастойнасці суб’ектаў гаспадарання па складанні фінансавай справаздачнасці, як гэта прадугледжана міжнароднымі стандартамі», — адзначылі ў Саўміне.

Істотнае скарачэнне спісу абавязковых для ўжывання першасных уліковых дакументаў і колькасці рэквізітаў у іх таксама прадугледжана дырэктывай № 4, падпісанай прэзідэнтам Беларусі 31 снежня 2010 года.

У Саўміне растлумачылі, што цяпер органы дзяржкіравання зацвердзілі больш за 1,6 тыс. формаў першасных уліковых дакументаў, хаця па сутнасці многія з іх такімі не з’яўляюцца, а адносяцца да тэхналагічных або служаць для назапашвання інфармацыі.

Как вам новость?
Головоломки