Урад павысіў закупачныя кошты на малако

12.08.2010 14:21
Архив Редакция

Закупачныя цэны на малако ў Беларусі павысяцца ў сярэднім на 10%. Адпаведнае рашэнне прыняў Савет міністраў у пастанове ад 9 жніўня 2010 года № 1177. Прыняцце гэтага дакументу дасць магчымасць павысіць рэнтабельнасць вытворчасці малака да 15%. Сельскагаспадарчыя арганізацыі ў жніўні-снежні 2010 года змогуць атрымаць каля 200 млрд. рублёў дадатковай выручкі, паведамілі ў мінсельгасхарчы.

Закупачны кошт на малако гатунку «Экстра» ўзрасце з 1 да 1,1 тыс. рублёў за кілаграм, малако вышэйшага гатунку — з 865 да 950 рублёў, на малако першага гатунку — з 795 да 875 рублёў, перадае БелТА.

«Кампенсацыя падаражэння сыравіны для малакаперапрацоўчых арганізацыяў будзе ажыццяўляцца паэтапным павышэннем адпускных цэнаў у рамках прагнозных параметраў інфляцыі, што разам з экспартнай выручкай забяспечыць прыбытковую працу малочнай галіны на ўзроўні 2-3%», — падкрэслілі ў мінсельгасхарчы Беларусі.

У чэрвені 2010 года заставаліся стабільнымі, а з сярэдзіны ліпеня пачалі расці кошты на малочную прадукцыю, якая пастаўляецца на экспарт. Толькі за апошні тыдзень ліпеня экспартныя цэны на асноўныя пазіцыі малочнай прадукцыі павялічыліся ў сярэднім на 200 даляраў за тону. У выніку кошты знешняга рынку, нягледзячы на павышэнне закупачных цэнаў на малако ў сакавіку і чэрвені 2010 года на 10%, дазваляюць перапрацоўчым арганізацыям па шэрагу пазіцый атрымліваць значны прыбытак.

Так, рэнтабельнасць сыроў і сухога цэльнага малака перавысіла 20%, казяіну — 35%, сухога абястлушчанага малака складае каля 70%. Адпускныя кошты на сацыяльна значную цэльнамалочную прадукцыю, якая рэалізоўваецца ў Беларусі, з павышэннем іх у красавіку і траўні 2010 года па 2% і ў ліпені — на 3%, у асноўным забяспечваюць бясстратную яе вытворчасць.

Мінсельгасхарч: дадатковая выручка ад рэалізацыі малака пойдзе на павышэнне заробкаў у галіне

Разам з тым з павышэннем коштаў на матэрыяльныя рэсурсы сельгасарганізацыі адчуваюць востры недахоп сродкаў для закупкі мінеральных угнаенняў, паліўназмазачных матэрыялаў, павышэння заработнай платы. На гэтыя мэты яны змогуць накіраваць дадатковую выручку, атрыманую ад рэалізацыі малака.

Па аператыўных дадзеных, за студзень-чэрвень 2010 года малакаперапрацоўчай галіной атрымана 383,8 млрд. рублёў прыбытку ад рэалізацыі і 246 млрд. рублёў чыстага прыбытку. Узровень рэнтабельнасці рэалізаванай малочнай прадукцыі склаў 11,3%.

«Улічваючы стабільнае фінансавае становішча малакаперапрацоўчых арганізацыяў і адсутнасць сезоннага зніжэння коштаў знешняга рынку на малочную прадукцыю і быў унесены на зацвярджэнне праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб павелічэнні закупных коштаў на малако на 10%», — растлумачылі ў мінсельгасхарчы Беларусі.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Как вам новость?
Головоломки