Урад павялічыў закупныя кошты на малако на 10%

22.03.2010 12:26
Архив Редакция

Урад Беларусі павялічыў закупныя кошты на малако, якое закупляецца для дзяржаўных патрэб, у сярэднім на 10%. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў № 387, якая ўнесла адпаведныя змены ў пастанову Саўміна № 812 "Пра закупныя кошты на прадукцыю жывёлагадоўлі, якая рэалізуецца для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб" ад пятага чэрвеня 2008 года.

«Закупныя кошты на малако «Экстра» зараз складаюць тысячу рублёў за кілаграм, вышэйшага гатунку — 785 рублёў, першага гатунку — 725, другога гатунку — 415. Раней яны складалі адпаведна 905 рублёў за кілаграм, 715 рублёў, 660 і 380», — распавялі ў прэс-службе Саўміна.

У сваю чаргу, у галоўным кіраванні эканомікі міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу адзначылі, што «цяперашняе падвышэнне закупных коштаў на малако звязана з ростам выдаткаў на яго вытворчасць».

«Апроч гэтага дадзеная мера неабходна, каб паставіць айчынных вытворцаў у роўныя ўмовы з вытворцамі суседніх краін, дзе закупныя кошты на малако больш высокія», — распавялі ў ведамстве, дадаўшы, што падвышэнне коштаў на малако на конт дзяржпатрэб «істотна не адаб’ецца на ўзроўні раздробных коштаў на гатовую малочную прадукцыю на ўнутраным рынку».

У міністэрстве таксама нагадалі, што ў апошні раз закупныя кошты на малако павялічвалі ў сярэднім на 10% у лістападзе мінулага года. «Тады гэта было звязана з павелічэннем выдаткаў на ўтрыманне жывёл у зімовы стойлавы перыяд, а таксама падвышэннем коштаў на гатовую прадукцыю на вонкавым рынку», — распавялі ў мінсяльгасхарчы.

Как вам новость?
Головоломки