Урад спрабуе стрымаць цэны на жыллё ў Беларусі

08.04.2011 15:28
Архив Редакция

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін 8 красавіка на прэс-канферэнцыі паведаміў, што ўрад прымае меры па ўтрыманню і стабілізацыі коштаў на жыллё. Да канца пяцігодкі кошт квадратнага метра жылля павінен зраўняцца з сярэднемесячнай заработнай платай, якую ў 2015 годзе прагназуюць на ўзроўні адной тысячы даляраў.

У прыватнасці, улады прапануюць прымяняць фіксаваную цану пры заключэнні дамовы з забудоўшчыкам, якая не павінна мяняцца да заканчэння будаўніцтва аб’екта. Акрамя таго, ужо са студзеня 2011 года праектаванне і складанне каштарысу ў жыллёвым будаўніцтве ідзе ў дзейных цэнах.

У Мінску хочуць зрабіць больш жорсткімі ўмовы пастаноўкі на чаргу тых, хто мае патрэбу ў жыллі

Віцэ-прэм’ер таксама паведаміў, што Мінску могуць узмацніць крытэры пастаноўкі на ўлік па паляпшэнні жылля. «У сталіцы будзе свая жыллёвая палітыка, у рэгіёнаў — свая», — сказаў ён, перадае БелТА.

Анатоль Калінін адзначыў, што ўрад вызначыць, колькі жылля неабходна будаваць і дзе. Паводле яго слоў, па рэспубліцы людзі стаяць у чарзе для маючых патрэбу не больш за пяць гадоў, а ў Мінску — да 20 гадоў. У сувязі з гэтым урад прапануе павялічыць тэрмін пражывання ў сталіцы пры пастаноўцы на ўлік, які цяпер складае пяць гадоў. Таксама ўлады могуць знізіць паказчык забяспечанасці жыллём, пры якім можна станавіцца на ўлік і які роўны 15 квадратным метрам.

Віцэ-прэм’ер паведаміў, што ў будучыні плануецца змяняць падыходы да фармавання чаргі на жыллё і ў асобных рэгіёнах. Ён прывёў прыклад, калі людзі, маючы зямельныя ўчасткі і будуючы на іх дамы, працягваюць стаяць на чарзе па паляпшэнні жыллёвых умоваў. «Жыллёвае будаўніцтва патрабуе пераўтварэнняў, нам неабходна прыйсці да прынцыпу: атрымаў зямельны ўчастак — здымаешся з чаргі», — сказаў Анатоль Калінін.

Кошт жылля ў гарадах-спадарожніках будзе вышэйшы, чым у Мінску

Віцэ-прэм’ер таксама адзначыў, што жыллё ў гарадах-спадарожніках Мінску будзе запатрабавана, у той час як Мінску яго будаўніцтва будзе абмежавана. Ён заявіў, што кошт жылля ў гарадах-спадарожніках будзе вышэйшым, чым у Мінску, бо там «няма інфраструктуры». Тым не менш, крэдыт на будаўніцтва жылля ў гэтых гарадах плануецца выдаваць пад 5% гадавых на 20 гадоў.

Анатоль Калінін таксама паведаміў, што каля 60% пабудаванага ў 2011-2015 гадах жылля будзе энергаэфектыўным.

Как вам новость?
Головоломки