Урад вырашыў пазбавіць "Белтэлекам" манаполіі

24.08.2010 10:06
Архив Редакция

Савет міністраў Беларусі ўнёс прапанову аб выключэнні з закону аб электрасувязі ад 2005 года палажэнні аб манаполіі нацыянальнага аператара "Белтэлекам". Адпаведная прапанова ўтрымліваецца ў праекце закону "Аб унясенні зменаў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб электрасувязі"". Яго тэкст апублікаваў нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Беларусі.

У цяперашні час нацыянальны аператар «Белтэлекам» мае «выключнае права на пропуск міжнароднага трафіку і далучэнне да сетак электрасувязі замежных дзяржаў», паведамляе Onliner.

Разам з ліквідацыяй манаполіі «Белтэлекаму» Савет міністраў прапаноўвае дапоўніць дзейны закон пералікам абавязковай інфармацыі аб абанентах (фізічных і юрыдычных асобах), якая павінна ўтрымлівацца ў базах дадзеных аператараў электрасувязі, перадае выданне «Мы».

Так, прапаноўваецца, каб аператары сувязі ў абавязковым парадку ўносілі ў базы наступную інфармацыю аб фізічных асобах: абаненцкі нумар, прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас абанента ці адрас устаноўкі канцавой абаненцкай прылады (тэрмінала), абаненцкія нумары, дадзеныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць абанента ці яго канцавую прыладу.

Для абанентаў сеткі сотавай рухомай электрасувязі акрамя вышэйназванага прапаноўваецца таксама рэгістраваць рэквізіты дакумента, які засведчвае асобу (яго назва, серыя, нумар, дата выдачы і найменне дзяржаўнага органа, які выдаў дакумент).

Для юрыдычных асобаў абавязковай інфармацыяй будзе наступная: найменне юрыдычнай асобы, яе юрыдычны адрас, адрас ўстаноўкі канцавой абаненцкай прылады, абаненцкія нумары, дадзеныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць абанента або яго канцавую абаненцкую прыладу.

Таксама плануецца ўносіць у базы дадзеных агульныя звесткі аб паслугах электрасувязі, актываваных абанентам.

У 2008 годзе Савет міністраў ужо спрабаваў пазбавіць нацыянальнага аператара манаполіі. Тады законапраект прайшоў усе інстанцыі, быў ухвалены Саветам Рэспублікі, але не падпісаны прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам. Цяперашні праект закона таксама зможа ўступіць у сілу толькі пасля праходжання ўсіх ступеняў — прыняцця Палатай прадстаўнікоў, ухвалення Саветам рэспублікі і падпісання прэзідэнтам.

Как вам новость?
Головоломки