Ус: Лукашэнка адпомсціць кандыдатам ад апазіцыі па поўнай

23.12.2010 10:05
Архив Редакция

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітры Ус лічыць, што пераабраны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка будзе па поўнай помсціць альтэрнатыўным кандыдатам у прэзідэнты, а менавіта Віталю Рымашэўскаму, Андрэю Саннікаву, Мікалаю Статкевічу і Уладзіміру Някляеву. "Будзе помста... ад Лукашэнкі будзе помста па поўнай...", — сказаў палітык.

Пры гэтым Дзмітрыя Уса самога арыштавалі 19 снежня, але адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Палітык распавёў, што іншых кандыдатаў у СІЗА ён не бачыў. «Умовы бесчалавечыя, невыносныя для людзей. У камеры памерам тры на чатыры, а можа і менш, знаходзяцца чатыры турэмныя ложкі, было пяць чалавек, я спаў на падлозе. Там праслухоўка камеры стаіць. Там няма элементарнага, напрыклад, туалета. Як сказалі сукамернікі, па патрэбе выводзяць двойчы на дзень — раніцай і ўвечары», — распавёў экс-кандыдат у прэзідэнты ў інтэрв’ю «Еўрапейскаму радыё для Беларусі».

Па словах палітыка, у камеры ўмовы «вельмі сціснутыя, руху няма, там не павярнуцца, некаторыя знаходзяцца месяцы, а то і гады там». «Умовы вельмі складаныя, асабліва для людзей пажылога ўзросту. Баюся за здароўе Някляева, ён можа там доўга не вытрымаць», — заявіў Дзмітры Ус.

Дзмітры Ус распавёў таксама, што да яго прыходзіў следчы: «Узялі падпіску аб нявыездзе, загадалі, каб увесь час знаходзіўся на сувязі з імі. Забралі пашпарт, тэлефон. Пыталіся аб біцці шкла ва ўрадавым будынку. Я гэтага не ведаю, я ў той момант там не быў. Спыталі, як я да гэтага стаўлюся. Маю заяву вы чулі з гэтай нагоды па тэлебачанні: сэнсу няма ў будынку ўрада, пусты будынак з вахцёркай і прыбіральніцай. Ды і я думаю, што гэта была правакацыя, каб Саннікава, Статкевіча і іншых зрабіць «хуліганамі». Але яны ж разумныя людзі, яны б не пайшлі на гэта. Ды і які сэнс лезці ў пусты Дом ураду, дзе вахцёр і прыбіральшчыца? Няма сэнсу здаровым мужыкам лезці туды!».

Ус: закон у нас — Аляксандр Рыгоравіч

Адказваючы на пытанне аб тым, ці асцерагаецца ён, што яго могуць арыштаваць на нявызначаны тэрмін, Дзмітры Ус адказаў: «Усё залежыць ад Лукашэнкі, спытайце ў яго».

«Ён скажа: усё ў адпаведнасці з законам. А закон у нас — Аляксандр Рыгоравіч, — працягнуў былы кандыдат у прэзідэнты. — Устане з правай або левай нагі, штосьці не спадабаецца, штосьці скажа — і ніхто нічога не зможа зрабіць».

Па словах Дзмітры Уса, Аляксандр Лукашэнка не хоча аддаваць уладу. «Ды і не можа. Калі ісці ў дэмакратычную Еўропу, то запатрабуюць свабодных выбараў, лібералізацыі, а гэта яму нявыгадна, гэта страта ўлады, а гэта пацягне судовыя разборы. Таму ён будзе вымушаны падтрымліваць Расію, а яна будзе падтрымліваць яго нейкімі прэферэнцыямі», — сказаў ён.

Ус: пагром Дома ўрада наладзілі спецслужбы, каб падставіць кандыдатаў

Пры гэтым экс-кандыдат у прэзідэнты адзначыў, што следчы ў яго пытаўся наконт Дома ўрада (пабітага шкла і г.д.) і яго адносіны да гэтага. «Сказаў, што адмоўныя, сэнсу хуліганіць няма такім чынам. Я падпісаў дакумент-заяву, якую прачыталі, з нагоды гэтых дзеянняў. Але я ўпэўнены, што гэта было зроблена спецслужбамі, каб Статкевіча, Саннікава прыцягнуць да адказнасці за жорсткае хуліганства, каб абвінаваціць у захопе ўрадавага будынку, які нікому не трэба. Ён жа самы незалежны, ад яго нічога не залежыць наогул!», — заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты.

Пры гэтым палітык яшчэ раз адзначыў, што не бачыць ніякай мэты ў «штурме». «Вось на гэтай глебе раскруцілі «хуліганаў», «вандалаў», якія нібыта лезлі ў Дом урада. А Аляксандр Рыгоравіч не выпусціць момант, каб расправіцца і з Саннікавым, і са Статкевічам, і з Рымашэўскім, і з Някляевым…», — лічыць Дзмітры Ус.

Ус: Расія зацікаўленая падмяць Лукашэнку пад сябе

Па словах экс-кандыдата ў прэзідэнты, «Еўропа выбары дэмакратычнымі не прызнае, і ў гэтым выпадку Расія прыме Лукашэнку на строгі нашыйнік, і ён будзе рабіць тое, што ім хочацца, не будзе супраціўляцца».

«А калі будзе, то праз пару гадоў пачнуцца вялікія сацыяльныя праблемы. Калі ён будзе супраць Расіі, то яна яго хутка змяце, а калі змяце, то ён апынецца ў турме. Таму адзін выхад яму — падпарадкоўвацца, выконваць іх задачы», — лічыць Дзмітры Ус.

Как вам новость?