Ус: Лукашэнка будзе ў мяне прэм'ерам

25.11.2010 14:27
Архив Редакция

Дырэктар выдавецкага прадпрыемства «Трывіум», кандыдат у прэзідэнты Дзмітры Ус лічыць, што Выбарчы кодэкс Беларусі неабходна мяняць. Прычым прадпрымальнік упэўнены, што зможа дамагчыся гэтага законнымі метадамі. У інтэрв'ю Тэлеграфу прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы расказаў, чым будзе займацца ў выпадку прыходу да ўлады і чаму дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку неабходна зрабіць прэм'ер-міністрам.


— Дзмітры Іванавіч, перш за ўсё, хачу вас павіншаваць з паспяховым праходжаннем першых этапаў выбарчай кампаніі.

— Дзякуй.

— На мінулых выбарах нямногім кандыдатам удавалася пераадолець 100-тысячную мяжу. Скажыце, вы разлічвалі, што ў вас гэта атрымаецца?

— З такой камандай, як у мяне, так.

— Вы задаволеныя тым, як спрацавала ваша ініцыятыўная група?

— Ведаеце, асабліва цяжка было збіраць подпісы па Мінску, таму што каля 60% людзей не пойдуць на выбары. У іх такое расчараванне… Многія задаюцца пытаннем: навошта мне гэта трэба? Такі аморфны стан у людзей. Па нашых назіраннях, 60% мінчукоў не пойдуць на выбары, дзесьці 20% — за Лукашэнку, яшчэ 20% — супраць. Вось такая сітуацыя складваецца. Таму па Мінску было вельмі цяжка працаваць. Я планаваў сабраць 60 тыс. подпісаў, але атрымалася нашмат менш.

— А ў рэгіёнах лепш?

— Так, там людзі больш актыўныя ў гэтым плане, у параўнанні з жыхарамі Мінску.

— Як ваша ініцыятыўная група ацэньвае першыя этапы гэтай выбарчай кампаніі? Ці былі нейкія нараканні?

— Не, усё было нармальна, дэмакратычна. Ніякіх падлогаў, нічога падобнага не было.

— Раней вы заяўлялі, што ў Выбарчы кодэкс Беларусі неабходна ўносіць змены. Вы таксама распавядалі аб фальсіфікацыях вынікаў Мясцовых выбараў, у якіх вы прымалі ўдзел. Калі вы лічыце, што выбары ў Беларусі праходзяць недастаткова дэмакратычна, навошта вы ўсё-ткі вырашылі ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі?

— Вы, напэўна, не слухалі маю прамову на тэлебачанні?

— Слухалі і нават пісалі пра гэта.

— Па-першае, самая асноўная мая задача — гэта аб’явіць ўсяму беларускаму народу, як можна сыходзіць ад гэтай сітуацыі з фальсыфікацыямі. Неабходна, каб кандыдат у прэзідэнты меў магчымасць накіроўваць незалежных людзей да падліку галасоў з правам падпісваць пратаколы. Калі будуць незалежныя назіральнікі, тады не будзе фальсіфікацый. А калі ўсё-ткі будуць парушэнні, то гэтых людзей можна будзе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за тое, што яны фальсіфікуюць выбары на участках. А то яны (члены выбарчых камісій — Тэлеграф) часта проста становяцца колцам і пачынаюць нешта паказваць, лічыць, нікога не дапускаюць, робяць сваю «брудную» справу і з’язджаюць. Для дарослых людзей сорамна так рабіць, апускацца так нізка.

Цяпер ужо абвешчаны збор подпісаў. Мы ўжо сабралі тысячу галасоў за ўнясенне паправак у Выбарчы кодэкс. Я думаю, да 30-га лістапада, мы збярэм 50 тыс. подпісаў. Затым падамо гэтыя дакументы старшыні Нацыянальнага сходу. Ён абавязаны будзе паставіць гэтае пытанне (у сувязі з тым, што ёсць Канстытуцыя) і разглядаць яго ў Нацыянальным сходзе. Я думаю, людзі яшчэ выйдуць на плошчу і падтрымаюць гэтую папраўку да выбараў. Вось такая задача стаіць на сённяшні момант.

— А калі вы ўсё-ткі прыйдзеце да ўлады, чым у першую чаргу будзеце займацца? Якім будзе першы ўказ?

— Першае, што трэба зрабіць, гэта аднавіць адносіны з Еўропай і Расіяй. Спачатку трэба не ўказы выдаваць, а наладжваць міжнародныя адносіны. Таму што, вы ведаеце, у нас адносіны і з Еўропай, і з Расіяй сапсаваныя. Імідж краіны ў нас у вельмі нядобрым стане знаходзіцца. Такім чынам, першая задача — гэта вярнуць імідж Беларусі.

Па-другое, шмат працы будзе, напрыклад, у плане аграрнага комплексу. Я хацеў бы бачыць прэм’ер-міністрам Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча. Таму што ён добры гаспадарнік. Акрамя таго, ён усё ж першы абраны беларусамі прэзідэнт. А ад гісторыі нікуды не падзенешся.

— Вы падтрымліваеце абраную мадэль сацыяльна-арыентаванай эканомікі?

— Вы мне скажыце, у якіх канкрэтна пунктах?

— Напрыклад, прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі нядаўна сказаў, што існая ў краіне мадэль эканомікі з’яўляецца сацыяльна-арыентаванай і гэты курс будзе працягнуты ў бліжэйшую пяцігодку.

— Гэта размовы пра ўсё і ні пра што. Трэба казаць нейкія канкрэтныя пункты, каб было зразумела. Я штосьці падтрымліваю, а штосьці не падтрымліваю. Напрыклад, я падтрымліваю дэмакратычныя выбары, але выбарчую сістэму не падтрымліваю.

— А што ў вашым разуменні значыць сацыяльна-арыентаваная эканоміка?

— Гэта ў Сідорскага трэба спытаць, што ён меў на ўвазе. У маім разуменні, гэта калі большасць прыярытэту аддаецца сацыяльнаму сектару, тым людзям, якія сацыяльна неабароненыя ад розных эканамічных узрушэнняў. Гэта маё разуменне, а што меў на ўвазе Сідорскі, я не ведаю.

— Дзмітры Іванавіч, як вы ставіцеся да пытанняў беларускай мовы і нацыянальнай культуры? Ці будзеце вы выступаць за пашырэнне ўжывання беларускай мовы?

— Я сам размаўляю па-расійску. І 70% насельніцтва ў нас гаворыць па-расійску, разумееце. І нават у вёсках… Напрыклад, у мяне маці з Гальшанаў (Гарадзенская вобласць — Тэлеграф). Я там усё дзяцінства праводзіў, і ў нас такой беларускай мовы не было. Была польска-беларуска-руская «трасянка». Таму я падтрымліваю беларускую мову, аднак, на мой погляд, яе трэба развіваць з дзяцінства. А дарослых людзей пераарыентаваць, ламаць вельмі складана. Я лічу, што гэта павінен быць натуральны працэс. Моладзь трэба выхоўваць па меры магчымасці. Нельга проста ставіць радыкальныя меры, адмаўляцца ад расійскай мовы, прымушаць усё справаводства на беларускую перакладаць. Гэта вельмі сур’ёзная ломка і яна закране вялікую колькасць людзей. Я думаю, 70% беларусаў не падтрымаюць гэтага. Таму я лічу, гэта трэба рабіць, але не радыкальна.

— Цяпер многія кандыдаты кажуць аб сваёй гатоўнасці каардынаваць дзеянні, ствараюць нейкія блокі. З кім з кандыдатаў вы маеце зносіны? З кім гатовыя каардынаваць свае дзеянні?

— Мы са Статкевічам Мікалаем Віктаравічам (лідар аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) — Тэлеграф) аб’ядналіся. Я думаю, яшчэ некалькі кандыдатаў будуць разглядаць гэтае пытанне. Але справа не ў тым, каб аб’яднацца ці не. Я думаю, трэба паставіць задачу і выканаць яе. На сённяшні дзень стаіць задача зрабіць Выбарчы кодэкс дэмакратычным і адкрытым для людзей. Я думаю, нам трэба аб’яднацца з усімі кандыдатамі, каб гэтую справу сумесна прасунуць. Пакуль улады ўпіраюцца капытамі, хвастамі і рагамі толькі, каб не пусціць незалежных людзей да падліку галасоў.

— Нядаўна некаторыя апазіцыйныя кандыдаты вылучылі прапанову ўсім аб’яднацца і калектыўна зняцца з выбараў? Як вы ацэньваеце гэтую ініцыятыву?

— Глупства, я лічу.

— Байкот выбараў — гэта глупства?

— Так, гэта ні да чаго добрага не прывядзе. Трэба закон рабіць для таго, каб у нас былі дэмакратычныя выбары. Я думаю, 50 тыс. подпісаў мы з Мікалаем Віктаравічам (яшчэ да нас далучацца разумныя кандыдаты) за тыдзень-два збярэм і аддамо ў Нацыянальны сход. Яны павінны ўнесці ў парадак дня гэтае пытанне і прагаласаваць. Я думаю, Расія і Еўропа таксама будуць у гэтым зацікаўлены і, калі яны націснуць на прэзідэнта, то гэтая папраўка пройдзе. Недзе да 15-га снежня ў нас ужо будзе папраўка ў Выбарчы кодэкс, і мы будзем мець паўнамоцтвы. Затым мы проста накіруем на выбарчыя ўчасткі людзей, якія будуць мець права падлічваць бюлетэні і падпісваць пратаколы. Тады будзе бачная рэальная сітуацыя, а не віртуальная, як цяпер робяць. Вось у чым задача стаіць.

— Гэта значыць вы аддаеце перавагу дзейнічаць такімі метадамі, а ў акцыях пратэсту не будзеце ўдзельнічаць?

— Навошта? Ёсць законныя і разумныя метады. Калі вядома, улады пачнуць парушаць законы ці пазбягаць іх, як Лукашэнка. Напрыклад, я яму адправіў афіцыйны адкрыты зварот, а ён нават ні адказу, ні прывітання не даслаў, хоць сам ўказ выдаў, што звароты трэба разглядаць за 15 дзён. Тады з такімі людзьмі трэба па-іншаму паступаць. А калі людзі дзейнічаюць законнымі, дэмакратычнымі метадамі, трэба іх падтрымліваць.

— Дзмітры Іванавіч, раскажыце трохі аб сабе, аб сваіх захапленнях, хобі. Чым вы любіце займацца ў вольны ад працы і палітыкі час?

— Хобі ў мяне — паляванне. У мяне тры лайкі. Езджу на Нарач (возера ў Мінскай вобласці — Тэлеграф). У мяне там дамок маленькі знаходзіцца. Люблю шмат хадзіць па лесе. Стрэльбы ёсць. Люблю страляць. Рыбалку люблю. Лодка ёсць пластыкавая. На Нарачы таксама рыбалю.

— Часам хобі кіраўніка дзяржавы адлюстроўваюцца на жыцці ўсёй краіны. Напрыклад, дзейны прэзідэнт захапляецца хакеем. Шмат у чым, напэўна, дзякуючы гэтаму ў Беларусі актыўна развіваецца спорт, будуюцца лядовыя палацы. Калі вы прыйдзеце да ўлады, будзеце спрыяць развіццю палявання і рыбалкі?

— Пакуль цяжка адказаць на гэтае пытанне.

— Як ваша сям’я паставілася да таго, што вы будзеце ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі? Што сказала ваша жонка, калі даведалася пра гэта?

— Сказала, што яна супраць.

— Чаму?

— Асцерагаецца, што мяне заб’юць, што нічога ўсё роўна не дамагуся. Вы таксама цяпер мне кажаце: «навошта вы пайшлі на выбары, вы ўсё роўна нічога не даможацеся». Так, з такім пачуццём пайшоў на выбары.

— А самі вы на што разлічваеце? Што для вас будзе станоўчым вынікам, вынікам гэтай кампаніі?

— Я хачу, каб спачатку выбары былі дэмакратычнымі. А ўсё астатняе ўжо потым.

Гутарыла Настасся Фалей

Как вам новость?