"Ухіліста"-верніка Міхайлава не выпусцілі з СІЗА

09.03.2010 18:19
Архив Редакция

Супрацоўнікі жодзінскага СІЗА адмовіліся выпусціць на волю верніка Івана Міхайлава, арыштаванага за ўхіленне ад закліку ва Узброеныя сілы, нягледзячы на тое, што Калегія суддзяў Мінскага абласнога суда адмяніла рашэнне Суда Мінскага раёна пра арышт маладога чалавека і пастанавіла выпусціць яго з турмы пад падпіску пра нявыезд.

Як паведамілі прадстаўнікі Грамадзянскай кампаніі «За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі», дзявятага сакавіка а 15:00 «родныя і блізкія Міхайлава, а таксама прадстаўнікі шэрагу грамадскіх арганізацый прыбылі да будынка ВУ Турма № 8 горада Жодзіна, каб сустрэць Івана».

«Аднак супрацоўнікі выпраўленчай установы адмовіліся выпускаць Міхайлава, спасылаючыся на тое, што выпіска з пастановы Калегіі суддзяў Мінскага абласнога суда, прадстаўленая сакратаром суда, не з’яўляецца падставай для фактычнага вызвалення Івана. Такім чынам, Міхайлаў будзе ўтрымлівацца пад арыштам датуль, пакуль судом не будзе прадстаўлены поўны тэкст рашэння пра змену меры ўтрымання на
падпіску пра нявыезд», — гаворыцца ў паведамленні.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Жодзінскі суд прызнаў верніка Івана Міхайлава вінаватым у здзяйсненні крымінальнага злачынства «за ўхіленне ад мерапрыемстваў закліку на вайсковую службу» і ўсталяваў яму ў якасці пакарання тры месяцы арышту. Малады чалавек адмовіўся ад праходжання тэрміновай вайсковай службы па рэлігійных перакананнях і настойвае на прызначэнні грамадзянскай (альтэрнатыўнай) службы.

Некалькімі днямі пазней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International паведаміла, што «ў Беларусі з’явіўся яшчэ адзін палітвязень». Праваабаронцы прызналі вязнем сумлення верніка Івана Міхайлава, арыштаванага першага лютага. Amnesty International заклікала неадкладна вызваліць абвінавачванага.
 

Как вам новость?