Ва Украіне беларускі бензін на 10% таннейшы, чым у Беларусі

23.07.2010 12:11
Архив Редакция

Беларускі бензін, які ўвозіцца Мазырскім НПЗ ва Украіну, у сярэднім на 10% таннейшы, чым на беларускіх АЗС. "Беларускія вытворцы пастаўляюць прадукцыю ў адпаведнасці з той цаной, якую можа прыняць украінскі рынак", - распавёў начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю канцэрна "Галнафтогаз" Аляксандр Пагранічны.

Кошт аднаго літра бензіну А-95 на беларускіх аўтазапраўках на сённяшні дзень складае 3240 рублёў, ва Украіне ж у пераліку на беларускія грошы — 2 900 рублёў. Бензін А-92 каштуе 2870 рублёў, а на АЗС канцэрна «Галнафтогаз» — 2 790 рублёў, паведамляюць «Беларускія навіны».

«Ва Украіне кошты на нафтапрадукты не рэгулююцца дзяржавай. Коштаўтварэнне на рынку нафтапрадуктаў аддадзена на водкуп кампаніям, якія рэалізуюць паліва», — расказаў дырэктар кансалтынгавай кампаніі «А-95» Сяргей Куюн. У сувязі з тым, што ў Беларусі раздробныя кошты на нафтапрадукты вызначаюцца дырэктыўна дзяржавай, па словах спецыяліста, беларускія вытворцы не могуць прадаваць свае нафтапрадукты даражэй ва ўмовах, якія склаліся на ўкраінскім рынку.

«Ва Украіну нафтапрадукты паступаюць з Літвы, Польшчы, Казахстана, Расіі. Нікога тут не цікавіць, якія выдаткі нясе Беларусь, закупляючы нафту ў Венесуэле. Для ўкраінскага рынку, як і для любога іншага, маюць значэнне цэнавыя і якасныя параметры прадукцыі», — сказаў прадстаўнік аднаго з найбуйнейшых ва Украіне імпарцёраў нафтапрадуктаў «Галнафтогаз».

Нягледзячы на жорсткую канкурэнцыю, доля беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку складае сёння прыкладна 17,3%. Па цане беларускія нафтапрадукты практычна не адрозніваюцца ад украінскіх, але якасць беларускай прадукцыі, па словах Аляксандра Пагранічнага, вышэй.

«Мы вельмі задаволеныя беларускімі нафтапрадуктамі. Беларускае дызпаліва адпавядае стандарту Еўра-4, а беларускі бензін А-92 па актанавым ліку пераўзыходзіць аналагічны ўкраінскі», — распавёў прадстаўнік «Галнафтогаз».

У сваю чаргу, Сяргей Куюн лічыць, што перспектывы беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскім рынку неадназначныя. «Мінпалэнерга Украіны плануе ўвесці пошліну на імпартаванае паліва, каб пазбегнуць дэмпінгу коштаў. У гэтым выпадку пастаўкі імпартных нафтапрадуктаў, у тым ліку беларускіх, будуць пастаўленыя пад пагрозу», — канстатаваў эксперт.