Вайтовіч: у Беларусі нявыгадна быць навукоўцам

12.08.2010 10:47
Архив Редакция

У цяперашні час у Беларусі зніжаецца ўзровень адукацыі ў школах і ВНУ, а гэта сур'ёзна адбіваецца на навуцы. Пра гэта расказаў былы прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэмік Аляксандр Вайтовіч. Па ягоных словах, у Беларусі цяпер быць навукоўцам непрэстыжна і нявыгадна.

«Слабыя веды ў школе, слабыя веды ў ВНУ даюць у выніку слабыя веды ў навуцы. Праблему дэградацыі вышэйшай адукацыі неабходна актыўна падымаць у грамадстве, прымаць меры на ўзроўні міністэрства адукацыі», — цытуе Аляксандра Вайтовіча «Ежедневник».

Па словах экс-кіраўніка НАН, праблема зніжэння ўзроўню адукацыі абумоўлена ў цэлым зніжэннем статусу настаўніка. «У педуніверсітэт паступаюць слабыя вучні. З іх атрымліваюцца слабыя настаўнікі, якія ідуць у школу і рыхтуюць слабых вучняў. Узнікае замкнёнае кола», — заявіў Аляксандр Вайтовіч. Але асноўная праблема, па яго словах, заключаецца ў вельмі нізкім статусе настаўнікаў і навуковых супрацоўнікаў, у тым ліку, і ў іх нізкім заробку.

«Калі раней я, будучы загадчыкам лабараторыі, доктарам навук, атрымліваў 500 рублёў (у часы СССР — Тэлеграф) — гэта былі вялікія грошы. А цяпер стаўка загадчыка лабараторыі 530 тыс. рублёў. Калі прыплюсаваць розныя надбаўкі, напрыклад, за стаж працы, атрымаецца 950 тыс. рублёў. Міліцыянт або працоўны на трактарным заводзе больш зарабляе», — расказаў Аляксандр Вайтовіч.

Пры такіх умовах у маладых людзей, па словах навукоўца, не ўзнікае жадання атрымліваць вышэйшую адукацыю. «Навошта вучыцца, калі такія грошы можна зарабіць без усялякай вучобы», — сказаў былы прэзідэнт НАН Беларусі.

Нізкі адукацыйны ўзровень выпускнікоў ВНУ ўжо сёння сур’ёзна адбіваецца на навуцы, адзначыў Аляксандр Вайтовіч. «Я размаўляў з прадстаўнікамі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, якая разглядае пытанні абароны дысертацыяў у нашай краіне, і там таксама адзначаюць зніжэнне адукацыйнага ўзроўню», — дадаў навуковец.

«Бывае, што пры абароне кандыдацкіх дысертацыяў па тэхнічных навуках спаборнікі ставяць знакі роўнасці паміж кілаграмамі і сантыметрамі або ўзводзяць 10 у ступень пяці кілаграмаў», — паведаміў Аляксандр Вайтовіч.

Далучэнне Беларусі да Балонскага працэсу, па словах спецыяліста, не вырашыць ўнутраных праблемаў адукацыі ў краіне. «Дзеці ў школы ідуць у нашай краіне. І вучаць іх настаўнікі, якія заканчваюць нашыя ВНУ», — канстатаваў акадэмік.

Как вам новость?