Валавы знешні доўг Беларусі дасягнуў 45,5% ВУП

15.09.2010 13:43
Архив Редакция

З пачатку 2010 года валавы знешні доўг Беларусі павялічыўся на 5% (на 1,1 млрд. даляраў). Такім чынам, на 1 ліпеня 2010 года ён дасягнуў 23,1 млрд. даляраў. Па дадзеных Нацыянальнага банка Беларусі, гэта складае 45,5% ВУП краіны. У першым квартале гэтага года сума знешняга доўгу краіны павялічылася на 183,2 млн. даляраў (0,8%), а ў другім квартале — на 927,5 млн. даляраў (4,2%).

Пры гэтым знешні доўг органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі з пачатку года вырас на 7% да 8,9 млрд. даляраў, у той час як знешні доўг органаў грашова-крэдытнага рэгулявання з пачатку года знізіўся на 5,2% да 401,6 млн. даляраў.

Запазычанасць камерцыйных банкаў краіны павялічылася за шэсць месяцаў гэтага года на 16,2% да 4,1 млрд. даляраў. Знешні доўг астатніх сектараў эканомікі павялічыўся на 0,3% і склаў 8,9 млрд. даляраў. Прамыя інвестыцыі за першае паўгоддзе знізіліся на 6,8% да 744,3 млн. даляраў, перадае АФН.

У разліку на душу насельніцтва валавы знешні доўг краіны на 1 ліпеня 2010 года склаў 2,4 тыс. даляраў, у той час як на 1 студзеня бягучага года гэты паказчык складаў 2,3 тыс. даляраў, а на 1 студзеня 2009 года — 1,5 тыс. даляраў.

Па дадзеных Нацбанка Беларусі, на абслугоўванне знешняга доўгу ў першым паўгоддзі накіравалі больш за 2,4 млрд. даляраў (10,5% ВУП або 18,5% экспарту). З іх 2,1 млрд. даляраў склалі выплаты па асноўным доўгу, а 273 млн. даляраў — на плацяжы па працэнтах.

Как вам новость?