Васілевіч абяцае праверыць законнасць расследавання "справы 19 снежня"

24.01.2011 13:15
Архив Редакция

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч 24 студзеня заявіў, што перш, чым накіраваць у суд матэрыялы крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, пракуратура праверыць захаванне законнасці на стадыі расследавання. Генпракурор выказаўся за безумоўнае выкананне Канстытуцыі ў ходзе расследавання, у тым ліку, права кожнага грамадзяніна на абарону.

Рыгор Васілевіч нагадаў, што следства па крымінальнай справе праводзіць галоўнае ўпраўленне ўнутраных спраў Мінгарвыканкама. У склад следчай групы ўваходзяць супрацоўнікі міністэрства ўнутраных спраў і камітэта дзяржбяспекі Беларусі. Следства знаходзіцца пад кантролем пракуратуры Мінску, перадае БелаПАН.

Генпракурор таксама адзначыў, што яшчэ 31 снежня 2010 года прадстаўнік Генеральнай пракуратуры вывучаў пытанне захавання законнасці ў следчым ізалятары КДБ. Па словах генпракурора, тады якіх-небудзь прэтэнзій з боку абвінавачаных не было. Больш за тое, Рыгор Васілевіч паведаміў, што ён запатрабаваў ад правяраючага пісьмова пацвердзіць адсутнасць скаргаў у затрыманых, звязаных з атрыманнем адвакацкай дапамогі.

Разам з тым, Рыгор Васілевіч не даў адказу на пытанне, ці гатовая Генеральная пракуратура запрасіць незалежных міжнародных экспертаў, каб тыя пацвердзілі кампетэнтнасць і аб’ектыўнасць расследавання, праведзенага беларускімі органамі.

Як раней перадаваў Тэлеграф, 31 снежня 2010 года па ініцыятыве сваякоў затрыманых удзельнікаў акцыі апазіцыі ў Мінску Генеральная пракуратура Беларусі правяла праверку ўмоваў побыту затрыманых, якія знаходзіліся пад арыштам у следчым ізалятары КДБ. Па выніках праверкі Генпракуратура паведаміла, што ўсе затрыманыя асобы, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты, здаровыя і не прад’яўлялі скаргі з нагоды ўмоў утрымання ў СІЗА.

Па дадзеных праваабаронцаў, у цяперашні час па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня ў якасці абвінавачаных праходзіць 33 чалавекі. У іх ліку — пяць былых кандыдатаў у прэзідэнты, чацвёра з якіх у цяперашні час знаходзяцца ў СІЗА КДБ: Аляксей Міхалевіч, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч. Віталя Рымашэўскага 1 студзеня выпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.