Васілевіч: колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў у Беларусі скарачаецца

25.08.2010 09:43
Архив Редакция

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў У аўторак, 24 жніўня, з дакладам генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. Генпракурор даклаў кіраўніку дзяржавы аб прадпрыманых мерах, накіраваных на папярэджанне і выкараненне правапарушэнняў, а таксама аб скарачэнні асабліва цяжкіх злачынстваў у краіне. Пра гэта распавялі ў прэс-службе беларускага лідара.

Рыгор Васілевіч распавёў прэзідэнту, што за сем месяцаў гэтага года колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў у краіне скарацілася на 11%, з іх забойстваў — на 20%, цяжкіх цялесных пашкоджанняў — на 12%, рабаванняў — на 14%. Таксама амаль на 13% скарацілася злачыннасць сярод непаўналетніх.

Разам з тым, па словах генпракурора, захоўваецца і шэраг праблем. Так, не скарачаецца рэцыдыўная злачыннасць, што сведчыць аб недахопах у працы як органаў пракуратуры, абавязаных каардынаваць працу па папярэджанні злачынстваў, так і непасрэдна органаў унутраных спраў, а таксама мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Захавалася на ўзроўні мінулага года і колькасць разбояў.

Сёлета пракуратура ўзмацніла нагляд за працай суб’ектаў, надзеленых кантрольнымі паўнамоцтвамі: на іх адрас унесена 742 акты пракурорскага нагляду, 378 службовых асобаў прыцягнута да адказнасці, адзначыў Рыгор Васілевіч.

Аляксандру Лукашэнку таксама было дакладзена аб ходзе працы над Канцэпцыяй ўдасканалення мераў крымінальнай адказнасці і сістэмы выканання крымінальных пакаранняў.

У сваю чаргу, беларускі лідар запатрабаваў паскорыць працу над гэтым важным дакументам, зыходзячы з таго, што ў сучасных умовах неабходна яшчэ больш узважана падыходзіць да назначэння пакаранняў, звязаных з пазбаўленнем волі, і больш шырока прымяняць штрафы.

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў узмацніць пракурорскі нагляд за выкананнем заканадаўства ўсімі праваахоўнымі і кантрольнымі органамі, значна больш увагі надаваць тым, як забяспечваюцца правы і свабоды грамадзян.

Как вам новость?
Головоломки