Васілевіч збіраецца разабрацца з карупцыяй

25.01.2011 11:39
Архив Редакция

Генеральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч заявіў, што адным з напрамкаў дзейнасці, якім у 2011 годзе праваахоўным органам неабходна надаць больш увагі, з'яўляецца барацьба з карупцыяй, паколькі ў 2010 годзе ў краіне зафіксавана на 20% больш злачынстваў у гэтай галіне, чым за 2009 год. 

«Гэта сведчыць аб тым, што кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, бухгалтарскія службы працуюць неэфектыўна», — заявіў Рыгор Васілевіч на сустрэчы з журналістамі 24 студзеня. Па словах генпракурора, 22% карупцыйных злачынстваў 22% — гэта службовыя падлогі.

Таму, адзначыў ён, у хуткім часе дадзенае пытанне будзе абмеркавана кіраўніцтвам Генпракуратуры і Камітэта дзяржкантролю. Таксама абмяркуюць работу кантралюючых органаў, санітарнага і пажарнага нагляду. Чакаецца, што абмеркаванне адбудзецца ў канцы зімы — пачатку вясны, паведамляе БелаПАН.

Рыгор Васілевіч лічыць, што, у першую чаргу, неабходна пашырыць прафілактыку рэцыдыўнай злачыннасці ў сувязі з яе ростам у Беларусі, а таксама скарэктаваць пракурорскую следчую практыку ў сувязі з прыняццем дырэктывы № 4 аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы. «Яна абумовіць і ўжо прадвызначае развіццё бягучага заканадаўства», — адзначыў генпракурор. Ён растлумачыў, што паміж следчай і судовай практыкай шмат адрозненняў. «Павінна быць аднастайнае прымяненне заканадаўства», — падкрэсліў Рыгор Васілевіч.

Ён праінфармаваў, што органы пракуратуры будуць працягваць працаваць са зваротамі грамадзян. Такіх зваротаў за 2007 год пракуратура разгледзела каля 7,5 тыс., а ў 2010 годзе — больш за 12 тыс.

Рыгор Васілевіч лічыць, што ў 2010 годзе праваахоўная сістэма пасадзейнічала змяншэнню колькасці злачынстваў у краіне, уключаючы цяжкія. З 2007 года колькасць скарацілася на 38%, у тым ліку рабаванняў і разбояў — на 46% і 50% адпаведна. За апошнія тры гады раскрывальнасць злачынстваў паднялася з 49% да 60%, працэнт кампенсацыі сродкаў на ўтрыманне дзяржавай дзяцей з абавязаных асоб за гэты ж перыяд павялічыўся з 27% да 60%.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, раней Рыгор Васілевіч паабяцаў праверыць законнасць расследавання «справы 19 снежня». Ён заявіў, што перш, чым накіраваць у суд матэрыялы крымінальнай справы аб арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, пракуратура праверыць захаванне законнасці на стадыі расследавання.

31 снежня 2010 года па ініцыятыве сваякоў затрыманых удзельнікаў акцыі апазіцыі ў Мінску Генеральная пракуратура Беларусі правяла праверку ўмоваў побыту затрыманых, якія знаходзіліся пад арыштам у следчым ізалятары КДБ. Па выніках праверкі Генпракуратура паведаміла, што ўсе затрыманыя асобы, у тым ліку былыя кандыдаты ў прэзідэнты, здаровыя і не прад’яўлялі скаргі з нагоды ўмоў утрымання ў СІЗА.

Па дадзеных праваабаронцаў, у цяперашні час па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня ў якасці абвінавачаных праходзіць 33 чалавекі. У іх ліку — пяць былых кандыдатаў у прэзідэнты, чацвёра з якіх у цяперашні час знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Как вам новость?