Вазняк і Дзмітрыеў: грошы Навумавай на аперацыю забрала МУС

14.03.2011 11:27
Архив Редакция

Зберажэнні аднаго з лідараў кампаніі "Гавары праўду!" палітолага Святланы Навумавай, якія прызначаліся для правядзення аперацыі, былі забраныя не супрацоўнікамі Камітэту дзяржбяспекі, а прадстаўнікамі міністэрства ўнутраных спраў яшчэ вясной 2010 года. Пра гэта заявілі аднадумцы жанчыны Сяргей Вазняк і Андрэй Дзмітрыеў.

«Сродкі на лячэнне Навумавай былі канфіскаваныя супрацоўнікамі МУС у ходзе маштабных ператрусаў 18 траўня 2010 года», — цытуе Сяргея Вазняка БелаПАН. Ён адзначыў, што Святлане Навумавай не было прад’яўлена ніякіх абвінавачванняў, аднак, грошай ёй не вярнулі.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, Святлана Навумава пайшла з жыцця 10 сакавіка з-за хваробы нырак. У КДБ Беларусі абверглі заявы СМІ аб канфіскацыі падчас ператрусу ў кватэры палітыка 4 студзеня 2011 года грашовых сродкаў. Такім чынам, заява ведамства праўдзівая, сказаў Сяргей Вазняк.

Дзмітрыеў: КДБ спрабуе захаваць твар

Актывіст кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў таксама заявіў, што грошы Святланы Навумавай канфіскавалі супрацоўнікі міліцыі ў траўні 2010 года і іх не вярнулі. «Цікава, што КДБ яшчэ хвалюе яго ўласны імідж у вачах людзей. І часткова тое, што яны апублікавалі, праўда», — адзначыў Андрэй Дзмітрыеў.

«На самой справе, грошы у Святланы Андрэеўны былі канфіскаваныя падчас ператрусу 18 траўня, — працягнуў ён. — І гэта было канфіскавана міліцыяй. Тады былі ператрусы ў офісах «Гавары праўду!», былі затрыманыя я, Уладзімір Някляеў і Сяргей Вазняк. Гэта былі грошы, адкладзеныя на аперацыю. Па той справе Святлана Андрэеўна не з’яўлялася ні абвінавачванай, ні падазраванай. Але грошы і тэхніку ёй да гэтага часу не вярнулі. Таму на самай справе гэта канфіскаваў не КДБ, а МУС. Святлана Андрэеўна не раз пыталася ў кампетэнтных органаў пра грошы. Але адказу альбо не было, альбо ён быў адмоўны. А хто канфіскоўваў, МУС ці КДБ — гэта яны хай паміж сабой вырашаюць», — цытуе Андрэя Дзмітрыева беларуская служба Радыё «Свабода».

Дзмітрыеў: Някляеў павінен быў развітацца з Навумавай без хадайніцтва

Што тычыцца заяваў КДБ аб тым, што кіраўнік кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, не прасіў змяніць яму меру стрымання для ўдзел у пахаванні Святланы Навумавай, то, на думку Андрэя Дзмітрыева, ніякія дакументы для гэтага не патрэбныя.

«Я параіў бы ім самім яшчэ раз пачытаць тое, што яны напісалі, і падумаць, ці варта было гэта ўспамінаць. Някляеў, аказваецца, павінен быў напісаць заяву, каб развітацца з блізкім чалавекам. Ці варта ў такія часы разводзіць такую бюракратыю?!» — запытвае актывіст.

Паколькі тлумачэнні КДБ аб канфіскацыі грошай Святланы Навумавай з’явіліся на сайце ведамства менавіта 12 сакавіка — у дзень развітання з палітолагам, гэта сведчыць аб тым, што Камітэт дзяржбяспекі «спрабуе захаваць твар».

«Я думаю, што гэта такая спроба захаваць твар. Ёсць такое, калі людзі хочуць хоць неяк заставацца людзьмі. Але гэта нельга зрабіць, вывесіўшы на сайце абвяржэнне. Лепш бы яны вывесілі спачуванне родным і блізкім», — лічыць Андрэй Дзмітрыеў.