Віцэ-прэм'ер: Беларусі патрэбныя сур'ёзныя структурныя рэформы эканомікі

29.04.2011 14:52
Архив Редакция

У Беларусі наспела неабходнасць правядзення сур'ёзных структурных рэформаў у эканоміцы. "Лічу, што наша эканоміка не можа далей паспяхова развівацца ў існуючым фармаце і патрабуе сур'ёзных структурных рэформаў", — заявіў 29 красавіка намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, выступаючы на семінары кіраўнікоў дзяржаўных СМІ.

Між тым, ён лічыць, што палітычныя рэформы ў Беларусі праводзіць не трэба. «Мой вопыт працы ў Кітаі гэта пацвярджае: многія краіны Паўднёва-Усходняй Азіі дамагліся каласальных поспехаў у эканоміцы і змаглі гэта зрабіць толькі з дапамогай моцнай палітычнай улады», — сказаў Анатоль Тозік, перадае БелТА.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, беларуская эканамічная мадэль здольная забяспечыць развіццё краіны, але яна патрабуе далейшага ўдасканалення. Так, беларускія вытворцы губляюць канкурэнтаздольнасць на знешніх рынках. «Нам трэба перастаць жыць не па сродках, а менавіта так у апошнія гады мы жылі, калі на 10-13% спажывалі больш, чым выраблялі. Мы не можам нармальна развівацца, калі не забяспечым канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі», — адзначыў намеснік кіраўніка ўрада.

Ён заявіў, што, калі да канца пяцігодкі Беларусь выйдзе на станоўчае сальда знешняга гандлю, забяспечыць значны рост ВУП, удвая павялічыць экспарт тавараў і практычна ўтрая экспарт паслуг, выканае задачы па прыцягненні інвестыцый, гэта дазволіць забяспечыць годны ўзровень жыцця грамадзян у еўрапейскім кантэксце.

Тозік: неабходныя сур’ёзныя меры па дэбюракратызацыі

«Нам неабходна засяродзіць максімум намаганняў на разбюракратызацыі краіны. Мы так загразлі ў вялікай колькасці папер, перапісцы. Дзве траціны гэтай перапіскі абсалютна не патрэбныя», — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Па яго словах, «мы робім выгляд, што мы ўсе пры справе, перацягваючы гэтыя паперы з кабінета ў кабінет, і з пачуццём выкананага абавязку сыходзім дадому». Анатоль Тозік заявіў, што кіраўнікам павінна быць сорамна працаваць «па 12-14 гадзін, уключаючы часам суботу і нядзелю», паколькі гэта азначае няўменне арганізаваць сваю працу і працу сваіх супрацоўнікаў.

Віцэ-прэм’ер таксама заявіў аб неабходнасці правесці каласальную працу па дэцэнтралізацыі і скарачэнні працэсу прыняцця рашэнняў. «Неабходна браць канкрэтнае пытанне і калі яно тыпавое, вырашаць яго хутка ў маштабах краіны», — сказаў ён.

Анатоль Тозік, таксама паведаміў, што варта спрасціць падатковую сістэму і ўдасканальваць бухулік, бо яны ў Беларусі адны з самых складаных у свеце. «Мы нядаўна колькасць абавязковых уліковых дакументаў скарацілі з 1600 да 8», — падкрэсліў ён.

Намеснік кіраўніка ўрада ў чарговы раз адзначыў неабходнасць больш актыўнай працы з грамадзянамі, заявіўшы пры гэтым, што некаторыя скаргі і звароты людзей у дзяржорганы неабгрунтаваныя.

Как вам новость?