Віцебскі губернатар паабяцаў пазбавіцца ад бяздомных

19.03.2010 10:33
Архив Редакция

17 сакавіка на прэс-канферэнцыі віцебскі губернатар Аляксандр Касінец паабяцаў пазбавіць абласны цэнтр ад асобаў без вызначанага месца жыхарства. Губернатар , прыводзячы ў парадак вуліцы Віцебску, мае намер паклапаціцца і пра аблічча гарадской «публікі» па вызначаным плане.

Аляксандр Касінец прапанаваў спачатку правесці своеасаблівы перапіс, у якім будуць старанна пералічаны і зарэгістраваны ўсе асобы без вызначанага месца жыхарства. «Потым ім дапамогуць пазбавіцца ад усіх хвароб, набытых за час бадзяння. Тым жа, хто хворы невылечна, нададуць месцы ў спецыялізаваных інтэрнатах. Астатніх будуць вяртаць у соцыум», — адзначыў губернатар.

Кіраўнік вобласці збіраецца таксама паклапаціцца пра дакументы і працоўныя месцы.  «У першую чаргу працоўныя месцы будуць нададзены ў сельскай мясцовасці. Там жа для былых бяздомных знойдуцца і пустуючыя хаты», — падкрэсліў Аляксандр Касінец, паведамляе Dvina.by.

Губернатар таксама адзначыў, што для тых асобаў, якія настолькі абвыклі зарабляць збіральніцтвам адходаў, што не думаюць без гэтага сваё далейшае жыццё, нададуць працу на звалцы па сартаванні смецця, усталяваўшы там вагончыкі з элементарнымі выгодамі.

Как вам новость?
Головоломки