Віцебскі выбаркам пагадзіўся на празрыстыя скрыні

17.11.2010 09:50
Архив

Віцебская абласная выбарчая камісія пагадзілася выкарыстоўваць для галасавання на выбарах прэзідэнта Беларусі празрыстыя урны. Пра гэта паведаміў старшыня абласной арганізацыі партыі "Справядлівы свет" Мікалай Селівашка, які і выступіў з адпаведнай прапановай. Па словах апазіцыйнага палітыка, цяпер справа засталася за спонсарамі.

Паводле яго слоў, з просьбай прафінансаваць ўстаноўку ў Віцебскім аблвыбаркаме празрыстыя скрыні жыхары горада і вобласці маюць намер звярнуцца да прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост ад кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, паведамляе беларуская служба Радыё «Свабода».

Акрамя лідара кампаніі «Гавары праўду!», які раней звяртаўся з аналагічнай прапановай у Цэнтрвыбаркам, віцебчукі маюць намер звярнуцца з просьбай аб фінансаванні і да мясцовых прадпрымальнікаў.

Акрамя таго, адзначыў Мікалай Селівашка, у Віцебскай вобласці ўжо ёсць некалькі дзясяткаў празрыстых скрыняў для галасавання: іх выкарысталі ўжо на мінулых мясцовых выбарах у Гарадоцкім раёне і Чыгуначным раёне Віцебску.